Автор: Пользователь скрыл имя, 10 Августа 2011 в 19:57, курсовая работа
У дадзенай працы будуць разгледжаны прычыны паўстання, яго ход як на тэрыторыі Польшчы, так і на землях ВКЛ, а таксама вынікі. Значная ўвага будзе звернута на разглядзе біяграфіі кіраўніка паўстання, ураджэнца Беларусі Тадэвуша Касцюшкі.
УВОДЗІНЫ
ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
ГЛАВА 2. ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА. ШЛЯХ ДА КІРАЎНІКА ПАЎСТАННЯ.
ГЛАВА 3. ПАДРЫХТОЎКА ПАЎСТАННЯ І Т. КАСЦЮШКА
ГЛАВА 4. ПАЎСТАННЕ 1794 Г. ПАЧАТАК. ХОД.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
УВОДЗІНЫ
Канец XVIII стагоддзя быў адзначаны трыма падзеямі, якія, безумоўна, змянілі плынь сусветнай гісторыі: вайна Злучаных Штатаў Амерыкі з каралеўскай Англіяй за незалежнасць, Вялікая французская рэвалюцыя і падзелы Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Адказам на II падзел Рэчы Паспалітай стала паўстанне (у сакавіку – лістападзе 1794 г.) на ўцалелай ад двух падзелаў тэрыторыі краіны, якое ўзначаліў выхадзец з Беларусі, генерал Тадэвуш Касцюшка. З красавіка па верасень яно ахоплівала тэрыторыю часткі Цэнтральнай і Заходняй Беларусі.
Папярэднія спробы выхаду Рэчы Паспалітай з грамадска-палітычнага крызісу шляхам рэформаў былі перапынены ўмяшальніцтвам суседніх дзяржаў ва ўнутраныя справы краіны. Першы і асабліва другі падзелы прывялі Рэч Паспалітую да становішча дзяржавы, падуладнай інтарэсам краін-суседак.
Няздольнась улад вырашыць жыццёва неабходныя для краіны пытанні станавілася ўсё больш відавочнай. Парушаны былі эканамічныя сувязі, пустой была дяржаўная казна. Цяжкім грузам клаліся на плечы насельніцтва кантрыбуцыіі, якія павінны былі выплочвацца царскім войскам. Назіраўся рост абурэння і патрыятычных настрояў шырокіх слаёў насельніцтва. Незадавальненне знешняй і ўнутранай палітыкай, якую праводзілі правячыя колы Рэчы Паспалітай, выказвала не толкі шляхта, але і непрывілеяваныя слаі насельніцтва. Да гэтых настрояў далучаўся пратэст супраць феадальных парадкаў, якія перашкаджалі паступальнаму развіццю краіны.
Канчаткова абанкруцілася ў часы Таргавіцкай канфедэрацыі і згодніцка-кансерватыўная палітыка часткі шляхты і магнацтва, мэтай якой было захаваць дзяржаву пад заклікам абароны “залатых шляхецкіх вольнасцяў” у непарушна-дрымотным стане анархіі і бязладдзя. Прагрэсіўная ж частка грамадства, скансалідаваная вакол ідэі развіцця і паглыблення рэформаў, распачатых Чатырохгадовым соймам, схілялася да ідэі падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. Ва ўмовах фактычнай акупацыі дзяржавы і рэальнай пагрозы яе ліквідацыі паўстанне выступала адзіным сродкам выратавання. Яно па свайму характару і рухаючых сілах было агульнанацыянальным і сумяшчала розныя плыні ў нацыянальна-вызваленчым руху.
У дадзенай працы будуць разгледжаны прычыны паўстання, яго ход як на тэрыторыі Польшчы, так і на землях ВКЛ, а таксама вынікі. Значная ўвага будзе звернута на разглядзе біяграфіі кіраўніка паўстання, ураджэнца Беларусі Тадэвуша Касцюшкі.
Праца складаецца з уводзін, чатырох глаў, заключэння і спісу выкарыстанай літаратуры.
ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
Паўстанню 1794 г., а таксама жыццю і дзейнасці самога Тадэвуша Касцюшкі прысвечана надзвычай многа даследаванняў. Асабліва шмат кніг і артыкулаў выходзіла на польскай, французскай, англійскай, а апошнім часам і на беларускай мовах - менавіта ў тых краінах, дзе слынны военачальнік лічыцца ганаровым грамадзянінам і нацыянальным героем. Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя перыядычна публікуюцца шматлікія зборнікі дакументальных матэрыялаў, прысвечаных асобе Т. Касцюшкі, ягонаму ўдзелу ў вайне за незалежнасць ЗША і паўстанню 1794 года.
У шэрагу артыкулаў, якія змешчаны ў шасцітомнай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі Я. Анішчанка, А. Грыцкевіч, У. Емельянчык, С. Таляронак, Я. Юхо даюць кароткую, але тым не менш даволі грунтоўную характарыстыку асноўным падзеям, якія тычацца падзей паўстання 1794 г. Даступна, аднак на вельмі высокім навуковым узроўні, біяграфія Т. Касцюшкі і ход паўстання паказаны ў калектыўнай працы ““Нарадзіўся я ліцьвінам…”: Тадэвуш Касцюшка”. Асобны разддзел у працы К. Тарасава “Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшычыны” прысвечаны біяграфіі Т. Касцюшкі і паўстанню 1794 г, асабліва на беларускіх землях. Грунтоўна паўстанне 1794 г. разгледжана ў трэцім томе шасцітомнай Гісторыі Беларусі (Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII XVIII) / Ю. Бохан, В. Голубеў, У. Емельянчык і інш.; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Мн., 2004), а таксама ў першым томе двухтомнай Гісторыі Беларусі (Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1 Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І .П. Крэнь, І. І. Коўкель, С. В. Марозава, С. Я. Сяльвестрава, І. А. Фёдараў. – Мн., 2000).
ГЛАВА 2. ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА. ШЛЯХ ДА КІРАЎНІКА ПАЎСТАННЯ. АПОШНІЯ СПРОБЫ РЭФОРМАЎ У РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. II ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. СКЛАДВАННЕ ПЕРАДУМОЎ ДЛЯ ПАЧАТКУ ПАЎСТАННЯ
Андрэй
Тадэвуш Банавентура Касцюшка-
У гістарычных дакументах прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458 года. Продкі Тадэвуша займалі сціплае становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандар Іван быў падсудкам, а дзед Амбражэй – пісарам у Берасцейскім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасадаў не займаў, а меў толькі ганаровую годнасць мечніка Берасцейскага ваяводства і палкоўніка, хоць у войску ніколі не служыў. У 1755 г. Тадэвуша аддалі ў школу каталіцкага ордэна піяраў у мястэчку Любяшоў (сучасная Валынская вобласць Украіны). Пяць год, праведзеныя там, прынеслі Т. Касцюшку трывалыя веды ў лацінскай, польскай, французскай, нямецкай мовах, матэматыцы1.
Пра перыяд яго жыцця паміж 1760 і 1765 гадамі, якія юнак правёў у Сяхновіцкім спадчынным маёнтку, захаваліся толькі цьмяныя звесткі. Магчыма, малады Т. Касцюшка быў дарадцам і памочнікам маці, адначасова працягваў хатнюю адукацыю (паколькі з-за раптоўнай смерці бацькі ў 1758 г. не здолеў завершыць поўны курс навучання ў калегіуме).
Значны ўплыў на лес Касцюшкі зрабіла выбранне ў 1764 на каралеўскі прастол ураджэнца Беларусі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пляменніка канцлера Вялікага княства Літоўскага Міхала Чартарыйскага. Сям’і Касцюшкі спрыяў прыхільнік Чартарыйскіх пісар польны ВКЛ Юзаф Сасноўскі, пазней ваявода полацкі. З яго дапамогаю ў 1765 г. Касцюшка паступіў у новаствораны (1764 г.) Варшаўскі Кадэцкі корпус Яго Каралеўскай Міласці і Рэчы Паспалітай – вышэйшае афіцэрскае вучылішча, Рыцарскую школу, утвораную каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім, і ў якое прымалі толькі выхадцаў з багатых сем’яў, і дзе ён спецыялізаваўся на ваеннага інжынера. Пры Т. Касцюшку налічвалася 80 кадэтаў (Т. Касцюшка быў у спісе 79-м). Кадэты займаліся страявой падрыхтоўкай, коннай яздой, вывучалі артылерыю, фехтаванне, тактыку, літаратуру і гісторыю, лацінскую, нямецкую, французскую мовы, арыфметыку, фізіку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, палітычную эканомію, маральныя навукі, танцы, маляванне. Упартыя заняткі і выдатныя здольнасці дазволілі Касцюшку стаць адным з лепшых кадэтаў, і 20.12.1766 ён атрымаў афіцэрскі патэнт і званне харунжага. Яшчэ ў час вучобы ён быў прызначаны на пасаду падбрыгадзіра2.
Біёграфы Т. Касцюшкі нярэдка прыгадваюць акрамя Ю. Сасноўскага імя князя Адама Казіміра Чартарыйскага, шэфа корпуса, які прыняў самы жывы ўдзел у лёсе таленавітага юнака. Па пратэкцыі князя, а таксама пры яго матэрыяльнай падтрымцы, Т. Касцюшка ў чыне харунжага ў канцы 1769 года быў накіраваны для працягу адукацыі ў Францыю У 1774 г. ён скончыў Парыжскую акадэмію, у якой вывучаў матэматыку, артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыю (будаўніцтва абарончых цвердзяў), тактыку, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Па рэкамендацыі Чартарыйскага вывучаў там будаўніцтва мастоў, шлюзаў, дарог, каналаў, плацін.
Пяцігадовае знаходжанне ў Францыі па часе супала з рэвалюцыйнай сітуацыяй, што складвалася там. Велізарны ўплыў на яго зрабілі працы прагрэсіўных французскіх асветнікаў (Вальтэр, Мантэск’е, Ж. Ж. Русо), у якіх крытыкаваўся феадальны лад. Гэта спрыяла фарміраванню ў Касцюшкі рэспубліканскага светапогляду і засваенню ім новай грамадска-палітычнай думкі, якая абвяшчала найважнейшыя буржуазныя заклікі – свабоду, роўнасць і брацтва.
Пасля кароткага падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію летам 1774 г. у званні артылерыйскага капітана Т. Касцюшка вярнуўся на Радзіму (галоўным чынам з-за недахопу сродкаў). Аднак не атрымаў месца ў войску, моцна скарочаным пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Пасаду ў той час можна было толькі купіць за 18 тыс злотых. Пажыўшы некаторы час у Варшаве і Кракаве ён паехаў у родныя Сяхновічы.
Цяжкае матэрыяльнае становішча вымусіла Т. Касцюшку пайсці хатнім настаўнікам да Юзафа Сасноўскага і вучыць маляванню і жывапісу яго дочак Людвіку і Кацярыну. Старэйшая Людвіка, равесніца Касцюшкі, закахалася ў яго, і яны вырашылі пажаніцца. Але Юзаф Сасноўскі быў супраць шлюбу сваей дачкі з бедным шляхіццам. Маладыя вырашылі абвянчацца ўпотай, але іх намер стаў вядомы бацьку і шлюб быў разладжаны.
Няўдалая спроба заключыць шлюб з каханай без згоды яе бацькі вымусіла Т. Касцюшку пакінуць радзіму і выехаць у 1776 г. Францыю. Улетку 1776 года ён у складзе групы валанцёраў накіраваўся ў Паўночную Амерыку, каб падтрымаць барацьбу амерыканскіх каланістаў супраць Вялікабрытаніі. У жніўні 1776 ён прыбыў у Амерыку і 18 кастрычніка быў залічаны ў амерыканскую армію ў званні палкоўніка3. У 1776 – 1783 гг. ён служыў у амерыканскай арміі, добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі на баку Паўночных штатаў. Асабліва каштоўнымі былі яго веды як ваеннага інжынера, бо амерыканская армія мела вострую патрэбу ў прафесійных ваенных і ваенных інжынерах.
Першым выпрабаваннем яго таленту было будаўніцтва ўмацаванняў на берагах р. Дэлавер для аховы Філадэльфіі, дзе ў той час было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць і якая была сталіцай дзяржавы. Т. Касцюшка выдатна справіўся з заданнем, за што Савет Бяспекі штата Пенсільванія выдаў яму ва ўзнагароду пэўную грашовую суму. Вясной 1777 г. галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, з Канады і Нью-Йорка, адкуль англічане рыхтаваліся разграміць армію паўстанцаў. У сувязі з гэтым, рашэннем Кангрэса была ўтворана армія поўначы, у якую Т. Касцюшка быў прызначаны галоўным інжынерам. Армія поўначы ў бітве пад Саратогай разбіла буйное злучэнне англійскіх войск. Гэта перамога, у значнай ступені дасягнутая дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія англічанам не ўдалося. Яна стала пачатковым этапам паражэння Англіі ў вайне, павысіла аўтарытэт амерыканскай арміі у Еўропе і садзейнічала афіцыйнаму прызнанню еўрапейскімі дзяржавамі дзяржаўнай самастойнасці ЗША. У пачатку 1778 г. Кангрэс прыняў рашэнне стварыць крэпасці на ўзбярэжжы р. Гудзон. На пасаду галоўнага інжынера Кангрэсам быў зацверджаны Т. Касцюшка. На працягу 2,5 года ён кіраваў будаўніцтвам самай вялікай крэпасці Злучаных Штатаў Вест Поінт. Пасля паражэння на поўначы англічане наважыліся дамагчыся поспеху на поўдні, куды і былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў Кангрэс арганізаваў паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны Т. Касцюшка. У паўднёвай арміі Касцюшка не толькі займаўся інжынернымі работамі (умацаваннямі, мастамі, пераправамі), але і камандаваў баявымі лінейнымі часцямі.
18 кастрычніка 1776 г. Т. Касцюшка атрымаў ад Кангрэса званне палкоўніка. 13 кастрычніка 1783 г. амерыканскі ўрад надаў Т. Касцюшку чарговае званне брыгаднага генерала. За баявыя заслугі ён, у ліку 3 іншаземцаў, атрымаў самую высокую баявую ўзнагароду ЗША – ордэн Цынцынаці і прыняты ў склад таварыства Цынцынатаў, ганаровым членам якога быў Вашынгтон. Т. Касцюшка атрымаў таксама амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а ў асабісты падарунак ад Вашынгтона – пару пісталетаў. У Злучаных Штатах Т. Касцюшка актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў блізка знаёмы з многімі ваеннымі і палітычнымі дзеячамі. Ідэі амерыканскай рэвалюцыі поўнасцю супадалі з яго поглядамі4.
У 1784 г. Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Але месца ў арміі Рэчы Паспалітай яму зноў не знайшлося. Пачынаецца пяцігадовы перыяд жыцця Т. Касцюшкі, які гісторыкі назвалі “сялянкай” (ці “ідыліяй”), калі баявы генерал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара ў сваіх родавых Сяхновічах, якія былі абцяжараны даўгамі.
Вяртанне Т. Касцюшкі да нетаропкага старасвецкага асяродку і паўсядзёнай працы па гаспадарцы выглядае на першы погляд недарэчна і бессэнсоўна. Але гады, што былі праведзеныя амерыканскім генералам у вёсцы, наклалі не меншы адбітак на ягоны характар, чым падарожжы па еўрапейскіх краінах і за акіян. Толькі ў кастрычніку 1789 г. у сувязі з рашэннем сойма павялічыць армію прыкладна ў 5 разоў (да 100 тыс. салдат і афіцэраў) ён быў прызначаны генерал-маёрам у польскае войска, камандзірам брыгады, хоць ён жадаў служыць у арміі ВКЛ. Аднак яму не ўдалося перавесціся з польскай арміі ў армію ВКЛ.
У
краіне панавала засілле каталіцкага
духавенства і свавольства
14 ліпеня 1789 г. пачалася Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя, якая аказала рэвалюцыянізуючы ўплыў на многія еўрапейскія народы, у тым ліку і Рэчы Паспалітай. Сойм Рэчы Паспалітай прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады: у студзені 1791 г. закон аб кардынальных правах, які прадугледжваў прызнанне пануючага становішча за каталіцкай царквою, непарыўнасць саюзу Польшчы і ВКЛ, незалежнасць і суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабоду слова і друку, у сакавіку 1791 г. закон аб сойміках, паводле якога беззямельная шляхта была пазбаўлена выбарчых правоў, у красавіку 1791 г. – закон аб гарадах, паводле якога за мяшчанамі прызнана права асабістай недатыкальнасці, права набыцця маёнткаў, пашыраліся і іншыя іх правы. Гэтыя законы сталі пачаткам буржуазных рэформ у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх стала прынятая 3 мая 1791 г. Канстытуцыя (Закон аб урадзе), паводле якой усталёўваліся новыя асновы арганізацыі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, пабудаваныя на прынцыпе падзелу ўлад. Дзяржаўны лад вызначаўся як спадчынная канстытуцыйная манархія, але ўлада караля была абмежавана соймам (складаўся з палаты дэпутатаў і сената), якому належала заканадаўчая ўлада. Найбольш важным новаўвядзеннем была адмена "ліберум вета" і стварэнне адзінага ўрада для ўсей Рэчы Паспалітай. Урад складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства – прымаса, як старшыні камісіі асветы і 5 міністраў (паліцыі, пячаткі (унутраных спраў), ваеннага, фінансаў, замежных спраў), якіх прызначаў і здымаў кароль. На пасяджэнні ўрада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам нашчадак прастола і старшыня (маршалак) сойма. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых цывільнага і крымінальнага кодэксаў. Звод законаў абвяшчаў свабоду веравызнання, уроўніваў перад законам усе саслоўі, у тым ліку і сялян, шляхце дазваляў гандляваць, мяшчанству – займаць ваенныя і свецкія пасады, у склад сейма ўводзіў прадстаўнікоў гарадоў. Канстытуцыя 3 мая – гэта вынік кампрамісу класа феадалаў з буржуазіяй, якая нараджалася. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў Канстытуцыі толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і цалкам яе падтрымлівалі5.