Автор: Пользователь скрыл имя, 04 Февраля 2013 в 22:47, контрольная работа
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад дзвюх губерняў - Магілёўскай і Пскоўскай, якія ў сваю чаргу былі аб'яднаны ў адно генерал-губернатарства.
Першым актам новай улады на Беларусі было выданне генерал-губернатарам Чарнышовым ад імя імператрыцы ў верасні 1772 г. "Плаката" на рускай і польскай мовах з мэтай пазнаёміць насельніцтва з задачамі і палітыкай новай улады.
1. Вызначце асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу вызначанага перыяду.
2. Прааналізуйце канфесійную палітыку расійскага ўрада ў Беларусі. Чым яна была выклікана?
3. Ахарактарызуйце палітычнае становішча Беларусі напярэдадні і падчас Айчыннай вайны 1812 г. Якія наступствы мела гэтая вайна для насельніцтва Беларусі?
Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлегенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў вайны 1809 г. эмігрыравала ў Герцагства Варшаўскае і паступіла служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.
Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Частка арыстакратаў і буйных землеўладальнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў "літоўскай" дзяржаўнасці ВКЛ у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам I.
У сваю чаргу, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр I істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, а таксама выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад уладай Расіі. У 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр, К. Любамірскі, С. Грабоўскі па даручэнні імператара падрыхтавалі праект “Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім”. У склад апошняга планавалася ўключыць усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якія адышлі да Расіі. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было стаць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Паступова, на працягу 10 гадоў, прадугледжвалася асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак у вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі, таму яго ажыццяўленне адкладвалася.
У межах Літвы, Беларусі і паўночнай Украіны былі сканцэнтраваны тры рускія арміі: 1-я Заходняя генерала М.Б. Барклая дэ Толі (каля 120 тыс. чалавек, 580 гармат, штаб у Вільні); 2-я Заходняя генерала П.І. Баграціёна (каля 49,5 тыс. чалавек, 180 гармат, штаб у Ваўкавыску); 3-я Заходняя генерала А.П. Тармасава (каля 44 тыс. чалавек, 168 гармат, штаб у Луцку); і рэзервовы корпус генерала Ф.Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек) каля Мазыра. Пад Рыгай знаходзіўся асобны корпус генерал-лейтэнанта I. Эсена (38,1 тыс. чалавек), каля Тарапца - рэзервовы корпус генерал-ад'ютанта Я. Мелера-Закамельскага (27,5 тыс. чалавек) і войскі генерал-лейтэнанта Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек). Рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100-200 км . Усяго Расія ў пачатку вайны здолела паставіць супраць войску Напалеона толькі 317 тыс. чалавек.
У ноч на 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа “Вялікай арміі” Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. На працягу тыдня ў межы Расійскай імперыі ўступіла 448 тыс. чалавек (з 647 тыс.) пры 1372 гарматах. Астатнія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі летам і восенню 1812 г. у якасці падмацаванняў. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі паасобку ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір.
Расійскае камандаванне на нарадзе ў Дрысенскім лагеры прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб'яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Аднак у ліпені 1812 г. расійскім арміям не давялося злучыцца ў раёне Віцебска, бо іх апярэдзіў корпус Даву, які заняў Магілёў і перагарадзіў шлях каля вёскі Салтанаўка. Рускія войскі спрабавалі тут пераправіцца праз Днепр, але няўдала. Тады П.І Баграціён арганізаваў пераправу каля Нова-Быхава і выратаваў іх ад разгрому. Сустрэча рускіх армій была прызначана ў Смаленску.
Амаль уся тэрыторыя Беларусі, за выключэннем паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны напалеонаўская армія страціла да 150 тыс. чалавек (разам з хворымі і дэзерцірамі), у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства. Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску.
Напалеон разлічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзяецца на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад - Камісію Вялікага княства Літоўскага. Паўнамоцтвы Камісіі распаўсюджваліся на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Галоўныя пасады ў іх занялі французскія военачальнікі-інтэнданты. Камісія павінна была вырашаць фінансавыя пытанні (збіраць падаткі і размяркоўваць бюджэтныя сродкі), арганізоўваць узброеныя сілы, фарміраваць жандармерыю і судовыя органы. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, "польскае праўленне". Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.
Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсё забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Усяго ў войскі планавалася набраць 14 тыс. рэкрутаў і 1 тыс. добраахвотнікаў з ліку шляхцічаў для палка імператарскай гвардыі. Справа ў гэтым накірунку ішла марудна. Сяляне не выказвалі асаблівага жадання ісці ў войска. Большую актыўнасць праявіла шляхта. Аднак і сярод яе добраахвотнікаў аказалася значна менш, чым чакалі. Адна частка шляхты прытрымлівалася пазіцыі чакання, другая - лічыла, што дастаткова будзе матэрыяльных ахвяраванняў. Нягледзячы на гэта, да зімы 1812 г. войска ВКЛ налічвала каля 20 тыс. чалавек. На ўласныя сродкі магнатаў былі сфарміраваны конна-егерскі полк I. Манюшкі, уланскія палкі Л. Паца і Д. Радзівіла, конна-артылерыйская рота Р. Тызенгаўза і інш.
Было абвешчана аб рэквізіцыях, неабходных для папаўнення запасаў фуражу і харчавання для французскай арміі. З беларуска-літоўскіх губерняў загадана было сабраць 3 млн пудоў жыта, 1,5 млн чвэрцяў аўса, па 2,5 млн пудоў сена і саломы, 160 тыс. галоў рагатай жывёлы. Такія аб'ёмы паставак былі непасільныя для насельніцтва.
Пытанне аб палітычнай будучыні ВКЛ засталося нявырашаным. Палякі заклікалі аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах. Аднак Напалеон не спяшаўся з адказам, ён спадзяваўся на заключэнне міру з Аляксандрам I і не жадаў лішняй перашкоды. Да таго ж літоўска-беларуская шляхта марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы і не жадала абяднання з Польшай. Менавіта таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да Герцагства Варшаўскага, праігнараваўшы просьбы польскага сейма.
Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане арганізоўвалі ўрачыстыя сустрэчы французам. Амаль уся шляхта ўспрымала Напалеона як вызваліцеля ад расійскіх захопнікаў. Каталіцкая царква таксама падтрымлівала Напалеона. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, усё больш стрымана выказвала свае пачуцці. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.
Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі захавала прыгоннае права, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх беларускіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Улічваючы адносіны сялян да акупантаў, 18 ліпеня ў Полацку Аляксандр I падпісаў маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені-ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.
22 ліпеня 1812 г. 1-я і 2-я рускія арміі злучыліся ў Смаленску, а 4-5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Нягледзячы на гэта, рускія войскі вымушаны былі пакінуць горад.
З 8 жніўня рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітва адбылася 26 жніўня каля в. Барадзіно, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. Дзеля захавання арміі М.І. Кутузаў прыняў рашэнне пакінуць Маскву, якую хутка занялі французы. Напалеон прапанаваў Аляксандру I заключыць мір, але расійскі імператар не даў адказу. У кастрычніку 1812 г. французская армія пачала адступленне з Масквы, па спустошанай Смаленскай дарозе. Пачалося вызваленне Беларусі. 7 кастрычніка 1812 г. ад французаў быў вызвалены Полацк, 26 кастрычніка - Віцебск, 1 лістапада - Мінск, 9 лістапада - Барысаў, 12 лістапада - Магілёў.
У лістападзе 1812 г. каля в. Студзёнка непадалёку ад Барысава французам быў нанесены завяршальны ўдар. Пры пераправе праз Бярэзіну загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. "Вялікая армія" фактычна перастала існаваць. Змерзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні.
21 лістапада ў Маладзечне імператар склаў "пахавальны" 29-ты бюлетэнь, у якім ён прызнаў сваё паражэнне. 23 лістапада ў Смаргоні Напалеон перадаў камандаванне I. Мюрату і пакінуў сваю армію.
Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Прыйшла ў занянад сельская гаспадарка - амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Паводле няпоўных звестак, страты Беларусі ад вайны склалі каля 52 млн рублёў серабром. Пацярпелі ад французаў помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Кацярынінскі храм у Мінску. Так, Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную канюшню. Нягледзячы на ваенныя бедствы, у 1813 - 1814 гг. беларускія губерні не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы расійскай арміі, амаль не зменшыліся падаткі. Спадзяванні сялян на адмену прыгоннага права не здзейсніліся. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра I ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася "ўселітасцівейшае дараванне" і "вечнае забыццё" мінулага, пры ўмове іх вяртання на радзіму на працягу 2 месяцаў. Толькі пасля гэтага тэрміну маёнткі шляхты і магнатаў падлягалі канфіскацыі. Негатыўныя наступствы вайны 1812 г. адчуваліся ў Беларусі некалькі дзесяцігоддзяў.
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ:
1. “Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Ч.2. XIX-XX стагоддзі”: Курс лекцый/П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў, П.І. Зялінскі і інш. – Мінск, 2002.
2. “Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 г.”: вучэб. дапам./ Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік – Мінск, 2009.
3. “Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Ч.1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г.”: вучэб. дапам./Я.К. Новік, Г.С. Марцуль – Мінск, 1998.
4. “Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)”/В.В. Грыгор’ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі - Мінск, 1998.