Экзістэнцыяльны выбар: інтэрпрэтацыя паняцця ў беларускай культуры

Автор: Пользователь скрыл имя, 02 Мая 2012 в 21:05, доклад

Краткое описание

Такім чынам, аналіз творчасці аўтара дазваляе канстатаваць, што разуменне чалавека Быкавым аналагічна разуменню чалавека ў французскім экзістэнцыялізме. Праблема свабоды і выбара, прадстаўленыя аўтарам, дазваляе ўбачыць у асобе В.Букава самабытнага прадстаўніка экзістэнцыяльнага напрамку і далучыць аўтара да прадаўжальніка французскай экзістэнцыяльнай традыцыі ў беларускай літаратуры.

Файлы: 1 файл

У сувязі з гістарычнымі падзеямі.docx

— 42.45 Кб (Скачать)

    Экзістэнцыяльны выбар: інтэрпрэтацыя паняцця ў беларускай культуры

Агульнавядома, што змест  ідэалаў гістарычна зменлівы. Свабода  як непераходная каштоўнасць, ідэал і адна з сутнасных характарыстык чалавека заўсёды атаясамлівалася з выбарам.

 Упершыню праблема  выбара падымаецца ў працах  Арыстоцеля, які вырашае яе праз  суадносіны з мараллю. У далейшым  праблема свабоды як магчымасці  выбару разглядаецца ў філасофіі  гісторыі Гегеля, антрапалогіі І.Канта  і ў філасофскім пошуку экзістэнцыялістаў 20 стагоддзя.

 Ва ўмовах экзістэнцыяльнага  выбару, калі гармонія парушана, духоўныя каштоўнасці падлягаюць  пераацэнцы. У якасці асноўных катэгорый чалавечага быцця выступаюць клопат, адчужанасць, абсурд, страх, адказнасць, выбар, смерць і інш.

  21 ст. характарызуецца пераломным станам культуры, у гэты час найбольш яскравым накірункам інтэрпрэтацыі быцця ў свеце становіцца экзістэнцыялізм, які ўзнікае ў Рассіі на пачатку Першай сусветнай вайны, а затым у Германіі і Францыі. Яго можна лічыць своеасаблівым рухам у абарону чалавека, бо чалавек разглядаецца як асаблівы пачатак у свеце, які тлумачыцца зыходзячы з яго персанальнага вопыту і лёсу, адмаўляючыся ад агульных стандартаў і каштоўнасцей.

  Трэба адзначыць, што ў экзістэнцыялізме, як і іншых накірунках філасофіі і культуралогіі, праяўляецца нацыянальная спецыфіка. Так, можна гаварыць пра французскі, нямецкі, італьянскі экзістэнцыялізм.

  Французскі экзістэнцыялізм,  напрыклад, стаў асабліва ўплывовым  у гады Другой сусветнай вайны.  Такія яго прадстаўнікі, як Ж.П.Сартр,  А.Камю, С.дэ Бовуар былі не  толькі актыўнымі ўдзельнікамі, але і ідэолагамі руху “Супраціўленне”  ў сваёй краіне.

  У драматычных і  філасофскіх творах Ж.П.Сартра  перыяду вайны прадметам палкага,  зацікаўленага разбору паслужыла  сітуацыя, якая склалася ў Францыі і іншых акупіраваных нацыстамі краінах Еўропы. Ён заклікаў да супраціўлення фашызму, і яго заклік, нягледзячы на міфалагічную сімволіку пастаўленай у акупіраваным Парыжы п'есы “Мухі” (у аснове яе ляжыць міф аб Арэсце).

  Калі гаварыць пра рускую экзістэнцыяльна-антрапалагічную традыцыю, то яна прадстаўлена творчасцю Ф.Дастаеўскага, М.Бярдзяева, Л.Шэстава і набліжаецца да рэлігійнай праблематыкі. Філасофія М.Бярдзяева антрапацэнтрычная, у цэнтры яго філасофскіх разважанняў заўсёды праблемы духоўнасці ,свабоды, лёсу, сэнсу жыцця, выбару.

  Што тычыцца Беларусі, то як зазначаў вядомы беларускі даследчык І.Абдзіраловіч, яна заўсёды знаходзілася на раздарожжы ў ваганні паміж Усходам і Захадам.

  Беларуская філасофія  і культура ў параўнанні з  рускай ў сілу спецыфікі свайго  нацыянальнага развіцця не мела такіх прадстаўнікоў экзістэнцыялізму, як Ф.Дастаеўскі, М.Бярдзяеў, Л.Шэстаў, але гэта не значыць, што ў той час, калі праблема разладу чалавека са светам была тыповай для еўрапейскай культуры, яна не была закранутая ў беларускай філасофіі і культуры. Пэўныя экзістэнцыяльныя матывы прысутнічаюць у паэзіі М.Багдановіча, ранняй лірыцы Я.Купалы і Я.Коласа, прозе М.Гарэцкага і інш.  Сярод шэрагу духоўных каштоўнасцей выдатныя майстры слова вылучаюць у сваёй творчасці свабоду як духоўны здабытак беларусаў.

  У 20 ст. праблема індывідуальнай  свабоды, адказнасці і экзістэнцыяльнага  выбару мелі асабліва востры  характар. Вайна, сацыяльныя рэвалюцыі паставілі пад пагрозу жыццё чалавецтва і вымушалі чалавека актывізавацца. І вось у гэты час, асэнсаваўшы творчасць пісьменнікаў-франтавікоў і так званых дзяцей вайны, можна казаць пра ўзнікненне антрапалагічна-экзістэнцыяльнай плыні ў беларускай філасофіі, культуры і літаратуры.

  Калі разглядаць беларускую  прозу перыяду вайны і першага  пасляваеннага дзесяцігоддзя, нельга  не прыгадаць раманны эпас  Кузьмы Чорнага з яго маштабным,  па-філасофску заглыбленым асэнсаваннем  чалавечага лёсу ў ваенны час,  апавяданні пра вайну І.Мележа, Янкі Брыля, Аляксея Кулакоўскага, Міколы Лупсякова і інш.

Ідэя асобы, якая пакутае  і жадае выпрастацца, але жыццёвыя сітуацыі штурхаюць яе да самаразбурэння, прасочваюцца ў гэтых аўтараў  даволі яскрава.

  У беларускай літаратуры  найбольш удала гэта праяўляецца  ў творчасці Васіля Быкава, пісьменніка,  мастака, грамадскага дзеяча, які  на “ваенным матэрыяле” падымае  вострыя і набалелыя пытанні  для чалавека і грамадства. Зараз,  асэнсаваўшы ўсю творчасць Быкава, можна з упэўненасцю сказаць,  што яго ваенныя аповесці і  апавяданні зусім не пра вайну,  а пра самага звычайнага “маленькага чалавека”, пра яго жыццёвыя подзвігі, пакуты, расчараванні, пра жыццё ў стане пастаяннага экзістэнцыяльнага выбару. У іх раскрываецца вобраз цэлай эпохі, гучаць пэўныя экзістэнцыяльныя матывы, ды і наогул, прытчавы характар некаторых апошніх апавяданняў з'яўляецца свайго роду прарочым. Разглядае, як змяняюцца духоўныя каштоўнасці, светаадчуванне, праблемы жыццядзейнасці чалавека ва ўмовах экзістэнцыяльнага выбару. Аўтар ставіць сваіх герояў перад выбарам, бо ў самых трагічных выпадках чалавек знаходзіць сваю сутнасць, сэнс свайго існавання.

  Ужо ў першым сваім  значным творы Быкаў разважае  над праблемай асобы. Каго лічыць  сапраўдным чалавекам? Таго, хто  выбраў лягчэйшы шлях, ці таго, што пайшоў да канца? У аповесці  “Жураўліны крык” ён звяртае  ўвагу на тое, што не заўсёды  грамадства абараняе чалавека, становіцца  на яго бок.

  У аповесцях “Пастка”, “Мёртвым не баліць”, “Знак  бяды” і іншых пісьменнік паказаў,  што фашызму патрэбны “маленькія людзі”, якія не прэтэндуюць на ролю “звышчалавекаў”. Спустошаныя, без маральных прынцыпаў, яны вельмі патрэбны фашысцкай машыне ў якасці “вінцікаў”

  У 80-90-я гады 20 ст. В.Быкаў не адыходзіць ад сваёй традыцыі паказваць праўду чалавечых пакут – гэта так званыя трагедыі мірнага часу. У “Аблаве” зноў галоўны герой перад выбарам: альбо вярнуцца да людзей і быць ворагам, альбо адысці ад людзей і такім чынам падысці бліжэй да смерці. Матыў трывогі, адчуванне безвыходнасці, блізкія для экзістэнцыялістаў, гучаць у гэтым творы.

  Трагізмам безвыходнасці  пазначана і апавяданне “Сцяна”.  Геой твора – чалавек, які,  нягледзячы на адстутнасць знешняй  свабоды, захаваў свабоду ўнутраную.  І таму, нават апынуўшыся ў  турме, не скараецца, прагне  вырвацца на волю.

 Калі ў сваіх ранейшых  творах в.Быкаў аддаваў чалавеку, няхай закінутаму, загнанаму, прыніжанаму,  ва ўладу быццё, захоўваючы  асноўны прынцып экзістэнцыялізму  – права на апошні шанц, то  ў самых апошніх творах пісьменнік сцвярджае “апакаліптычную накіраванасць свету”. Чалавек асуджаны на несвабоду з нараджэння, хоць сам ўнутрана абсалютна свабодны, менавіта ў гэтым яго трагедыя.

  Чалавек імкнецца  знайсці выратаванне, апору ў  пэўнай ідэі, духоўных каштоўнасцях  і г.д. Аднак усё гэта выдумка,  абман, ілюзія, фантазія. Адзіная  задача, якую ён можа перад  сабой паставіць – стаць лепшым, стаць нечым большым, чым ёсць. Аднак лёсам свайго героя В.Быкаў абвяргае нават і гэтую думку. Лепшае выйсце – не нарадзіцца зусім, не быць.

 Пачуццё свабоды чалавека  – гэта магчымасць выбіраць, нават  не маючы ніякіх знешніх падстаў  для выбару. Чалавек сам надае  каштоўнасць і сэнс свайму  жыццю, бо яму дадзена свабода  ад нараджэння, яна захоўвае яго  чалавечае аблічча. Калі ж чалавек адмаўляецца ад свабоды, ён перастае быць чалавекам. Чалавек свайго роду “праект”, які жыве разгортваецца, рэалізуецца ці не, і працэс здабытку індывідам чалавечай сутнасці працягваецца ўсё жыццё, не губляючы вастрыні і драматызму. Трэба дапамагчы чалавеку, ахопленаму трагічным настроем, калі не пераадолець яго, што ў прынцыпе немагчыма, то ва ўсякім разе шукаць і знаходзіць сваё Я, сэнс жыцця ў самых трагічных, абсурдных сітуацыях.

 І ўсё-такі жыццё  нават у сітуацыі абсурду –  каштоўнасць. Імкненне чалавека  да шчасця і разумення, з  аднаго боку, “маўчанне свету”  – з другога, нараджаюць пачуццё  абсурду, якое трымаецца на  процістаянні чалавека і свету.  Калі знікае хоць адзін з  двух бакоў, пачуцце абсурду  таксама знікае. У сітуацыях канфліктнага  выбару, адчаю, прычым часцей за  ўсё яны супадаюць з высокімі  духоўнымі парывамі асобы, чалавечае  жыццё раскрываецца не проста  праз “накіраванасць” да смерці, а хутчэй праз процідзеянне  ёй. І чалавек  у нармальным  стане арыентуецца менавіта на  жыццё. 

 

Экзістэнцыяльныя  матывы ў творчасці У.Караткевіча  на прыкладзе аповесці “Ладдзя роспачы”

У сувязі з гістарычнымі падзеямі, палітычнымі і грамадскімі  пераўтварэннямі 20 стагоддзя еўрапейская  літаратура ў сваёй пераважнасці набывае ярка выражаную філасофскую накіраванасць. Праблематыка чалавечага існавання і яго сувязь з навакольным светам,  пытанні свабоды, адказнасці і выбару ўсё часцей ставяцца ў творчасці пісьменнікаў 20 стагоддзя. Непарыўная сувязь філасофіі і мастацтва дае падставу для ўсё большага пранікнення філасофскай думкі ў літаратурную творчасць. Яшчэ А.Камю звяртаў увагу на ўзаемапранікненне літаратуры і філасофіі і зазначаў “Хочаце філасофстваваць – пішыце раманы”. Яскравым прыкладам пранікнення філасофскай думкі ў літаратуру з'яўляецца творчасць С.К'еркегара, Ф.Ніцшэ, Ф.Дастаеўскага і французскіх экзістэнцыялістаў: А.Камю, Ж.П.Сартра, С. де Бавуар.

 Рэпрэзентацыя экзістэнцыяльных ідэй у беларускай літаратуры як было адзначана раней часцей за ўсё была звязана з аналітыкай творчасці Васіля Быкава. У яго творах прасочваецца пэўнае падабенства з філасофскімі думкамі Ж.П.Сартра, А.Камю. Але ў апошні час значная ўвага надаецца творчасці У.Караткевіча, творы якога таксама можна аднесці да экзістэнцыяльнага кірунку.

  Большую цікавасць  да эксплікацыі экзістэнцыяльных  ідэй выклікае гістарычная проза  У.Караткевіча, якая накіравана  на структурную гуманізацыю праблемы  чалавека. Яскравым прыкладам наяўнасці  экзістэнцыяльных ідэй у У.Караткевіча  з'яўляецца аповесць “Ладдзя  роспачы”, дзе прысутнічае філасофскае  асэнсаванне найбольш актуальнай  для экзістэнцыялістаў праблемы  “Чалавек і Смерць” і таксама  рэпрэзентуюцца асноўныя экзістэнцыяльныя  модусы быцця чалавека, такія  як “роспач”, “каханне”, “смерць”  і “бунт”. Ужо ў самой назве  твора прасочваецца акцэнт на экзістэнцыяльным модусе быцця “роспачы”. Экзістэнцыялізм заўсёды звяртаў увагу на смяротнасць чалавека і яго адчай перад смерцю. У творчасці пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў існуе пэўнае сюжэтнае падабенства – экзістэнцыяльны суб'ект трапляе ў смяротную сітуацыю, з якой няма выйсця.  На гэтай ідэі пабудаваны таксама і твор У.Караткевіча. Галоўны герой, дваранін Гервасій Выліваха, трапляе ў сітуацыю паміж жыццём і смерцю. Ён аказваецца на Ладдзе Роспачы, якая перавозіць яго і астатніх смяротых у пекла. Героя чакае гульня са смерцю ў шахматы на ўласнае жыццё і жыццё іншых смяротнікаў.

  Гервасія магчыма  параўнаць з галоўнымі героямі  твораў Камю і Сартра. Выліваха  – персанаж амбівалентны. Як і  ў творчасці французскіх экзістэнцыялістаў,  у рысах Гервасія немагчыма  знайсці толькі станоўчыя або  адмоўныя рысы. Такімі персанажамі  з'яўляюцца Ракантэн ў творы  Ж.П.Сартра “Млосць” і Мерсо ў “чужым” А.Камю. Гэтыя персанажы існуюць па-за межамі грамадства, па-за межамі пэўных норм. Аднак экзістэнцыялісты выкарыстоўваюць сваіх персанажаў, каб паказаць універсальнасць чалавечай прыроды.  Кожны чалавек, згодна экзістэнцыяльным ідэям, адчувае у нейкі момант жыцця абсурд, роспач, бунт, віну. Але Караткевіч, выдзяляючы тыя ж самыя катэгорыі быцця чалавека, акцэнтуе ўвагу на асаблівасцях беларускага характару. Чалавек Караткевіча не ўніверсальны персанаж, ён самабытны, звязаны з пэўным гістарычным часам, сваёю зямлёю, сваёй культурай.

  У рамане А.Камю “Чужы” чалавек з'яўляецца чужым у адносінах да маралі, якая пануе ў грамадстве. Тое ж самае можна сказаць і пра Гервасія. У творы ён выступае як паборнік асноў свайго часу: “Ні грошай у яго не было, ні глыбокай пашаны да ўлад, ні надзейнасці. Ані дабрабыту. Ані маралі”. У рамане А.Камю Мерсо прыгавораны да пакарання судом не столькі за забойства, колькі за непрыманне правілаў гульні грамадства, у якім ён жыве. У аповесці Караткевіча біскуп і мясцовыя ўладары патрабуюць смерці Вылівахі, бо ён сваім існаваннем прымушае “сумнявацца ў бясхібнасці Бога”.

  Увогуле, экзістэнцыяльная  накіраванасць твора У.Караткевіча  даволі блізкая да ідэі Камю  ў яго творах “Міф пра Сізіфа”  і “Бунтар”. Адной з экзістэнцыяльных ліній твора з'яўляецца супрацьстаўленне Чалавек-Смерць і таксама звязаная з гэтым ідэя бунта. Калі Камю задаецца пытаннем, “Ці каштуе жыццё таго, каб быць пражытым?”, то магчыма меркаваць, што Караткевіч у сваёй аповесці абыгрывае гэтае пытанне такім чынам: “Ці варта жыццё таго, каб гуляць са смерцю?” Але, у адрозненне ад персанажаў французскіх экзістэнцыялістаў, герой Караткевіча бачыць сэнс жыцця ў сваім народзе, сваёй краіне, роднай зямлі. Яго думкі не скіраваны толькі на саім перажыванні смерці. Ён не думае толькі пра сябе, як Мерсо або Ракантэн. Разважанні Вылівахі звязаны з кветкай шыпшыны – роднай старонкай, сваім народам.

  Як і ў творы  А.Камю “Бунтуючы чалавек”, бунт  у Караткевіча набывае метафізічны  сэнс – паўстанне чалавека  супраць свайго лёсу. Гэта сэнс пазітыўны, сэнс сцвярджэння значнасці калектыву перад тварам самерці. Тут варта ўзгадаць выраз А.Камю: ”Я бунтую, значыцца мы існуем”. Такім чынам, Гервасій з'яўляецца бунтуючым чалавекам, якм супрацьстае смерці і сітуацыі абсурда. У смяротнай сітуацыі, перад тварам небыцця людзі ў Караткевіча разам аб'ядноўваюцца. Чалавек У.Караткевіча перастае быць аб'ектам і становіцца суб'ектам дзеяння. Гэта Бунтар, які адмаўляе Бога і не хоча быць рабом абставін. І тады яго рабства нараджае бунт.

  У філасофіі экзістэнцыялізму імкненне пазбегнуць смерці з'яўляецца адной з асноўных задач суб'екта. У У.Караткевіча добра бачна адна з вядучых тэм твора, якую можна сустрэць і ў Камю – гэта надзея на ўхіленне ад смерці. У аповесці “Чужы” перад смерцю ў героя застаецца адна надзея – надзея на памілаванне. Калі Мерсо перад смерцю размаўляе са святаром, то сцвярджае, што яму вельмі дорага ўсё зямное. Мерсо жыве ўспамінамі момантаў свайго жыцця. Аналагічную думку можна сустрэць у “Сцяне” Ж.П.Сартра. У Ж.П.Сартра “Я” спрабуе разважаць, успамінаць – гэта значыць быць сабой, быць жывым, супраціўляцца смерці як адзінай верагоднасці. Такую ж ідэю можна пабачыць і ў У.Караткевіча.  Людзі на Ладдзі спяваюць: “Калі памру я, Згіну са свету, Дай на тым свеце, Што і на гэтым”.

Информация о работе Экзістэнцыяльны выбар: інтэрпрэтацыя паняцця ў беларускай культуры