Биографии беларусских писателей

Автор: Пользователь скрыл имя, 12 Января 2012 в 20:26, биография

Краткое описание

Сучасная беларуская проза жыве клопатамі пра час, народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яна вызначаецца пільнай ўвагай да асобы чалавека і штодзённых праяў жыцця. Пашырылася рэчышча “ваеннай” прозы творамі В. Быкава, І. Навуменкі, І.Чыгрынава. А. Адамовіча, А.Савіцкага і іншых пісьменнікаў. Нямала твораў прысвечана маральна-этычным і філасофскім праблемам, пасляваеннаму часу.

Файлы: 1 файл

Пташникау.docx

— 192.63 Кб (Скачать)

     У наступных  творах Віктара Казько тэма ваеннага дзяцінства ўжо не будзе дамінаваць — пісьменнік паглыбіцца ў даследаванне ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды, чалавека і гісторыі. Але калі пазначыць наступны перыяд творчасці В. Казько ўмоўным словам «экалагічны», дык трэба давесці і логіку такой трансфармацыі. Усе тры, звязаныя з ваенным дзяцінствам, аповесці В. Казько прасякнуты настальгіяй па гарманічным, не азмрочаным вайной свеце.

     Персанажы Казько з цяжкасцю адаптуюцца да пасляваеннай рэчаіснасці; герою апошняй аповесці, Лецечку, такая адаптацыя становіцца не пад сілў. Яму мроіцца інакшы свет — ідылічны, дзе чалавек напоўніцу адчувае сваю знітаванасць з прыродай, які кампенсаваў бы непапраўныя маральныя страты, нанесеныя дзіцячай душы. Калі сплывае, пераадольваецца хваля нянавісці да карнікаў, якіх Лецечка пабачыў на працэсе, ён у нейкім паўсне, мроі ўявіў сябе раптам рыбінай, што плавае ў цёплай рэчцы, быццам у сырадоі, і возіць на спіне месяц. Атаясамленне прыроды, дзяцінства, абсалютнага дабра, гармоніі ўласціва вялікаму шэрагу беларускіх пісьменнікаў, пачынаючы ад класікаў (Я. Колас) да празаікаў новых генерацый (А.Васілевіч, В. Карамазаў, I. Пташнікаў, Ул. Ягоўдзік). У пазнейшы час творы В. Казько ўзбагачаюцца матывам некранутасці, запаветнасці («нерушы»), які атаясамліваецца з тэмай біблейскага Эдэму (зямнога раю, дзе чалавек жыве ў гармоніі з прыродай, дзе яшчэ не адбыўся першародны грэх).

       Пісьменнік знаходзіць у Беларусі куточак, дзе прырода асабліва шчодрая на фарбы і хараство, — Палессе. Так, прынамсі, уяўляўся яму гэты рэгіён напрыканцы сямідзесятых, калі ён пасяліўся ў сялянскай хаце ў адной з вёсак Гомельскага Палесся, месяцамі жыў у ёй, назіраючы прыродны колазварот, побыт і норавы палешукоў. 3 гэтых назіранняў, адзначаных пэўным адценнем ідылічнасці, нарадзіўся першы з «экалагічных» твораў празаіка — аповесць «Цвіце на Палессі груша» (1978). Вызначэнне «экалагічныя» варта ўжываць умоўна, бо тэма ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды разглядаецца празаікам найбольш у агульнаэстэтычным, маральным і філасофскім ракурсе; чыста экалагічныя праблемы ўваходзяць у поле ўвагі аўтара, але не займаюць у ім цэнтральнае месца. «Цвіце на Палессі груша» — твор, у якім апяваецца хараство Палесся, размаітасць краявідаў, невычэрпнасць прыроднай, зямной сілы, што жывіць сваімі сокамі і расліны, і жывёл, і чала-века.

У творы дамінуюць  яркія зрокавыя вобразы, прычым апавяданне вядзецца праз унутраныя маналогі і  бачанне нямка — Яўмена Ярыгі. Абмяжоўваючы такім чынам абсягі ўспрыняцця, пісьменнік імкнуўся пераакцэнтаваць увагу на маральную віду шчасць, якой у надзвычайнай ступені надзелены нямы Яўмен. Істота галоўнага героя надзелена той недасведчанасцю, наіўнасцю, свежасцю ўспрыняцця, якая раней назіралася ў дзіцячых персанажах прозы В. Казько. Што датычыцца наўмыснага звужэння погляду, дык у сусветнай літаратуры гэты прыём не раз ужываўся ў розных формах «плыні свядомасці» (маленькі Марсэль у суб'ектыўнай эпапеі М.Пруста, Бенджамен з «Шуму і ярасці» У. Фолкнера). «Загана» Яўмена спрыяе заглыбленню гэтага персанажа ў еднасць з прыродай. Перанёсшы жыццёвыя няўдачы, развёўшыся з жонкай, ён канцэнтруецца на тых тонкіх, няўлоўных імпульсах, якія абумоўліваюць «прыроднае» быццё чалавека, знітоўваюць яго з усім жывым. Праз складаны метафарычны лад аповесці акрэсліваюцца два вобразы, праз якія, нібы праз жывое люстэрка, бачыць Яўмен адбіткі ўласнага лёсу.

Гэта — самотная, абпа-леная пажарам груша-дзічка на ўскраіне вёскі і аграмадная рыбіна — карп, які выбраўся на волю з  калгаснай сажалкі. Вобраз апаленай дзічкі асацыятыўна звязваецца з  тэмай сіроцтва і ваеннага дзяцінства Яўмена. Карп, які наталяецца воляй, вандруючы па меліярацыйных канавах, надзелены прыродным віталізмам, неўтаймоўным клёкам, уласцівым і жывёльнаму, і людскому свету. Тры вобразы паяднаныя адзіным біярытмам, які лучыць усё жывое ў свеце, адзіным законам хараства і гармоніі, паводле якога існуе Сусвет. Момант адзінства перапыняецца, аднак, проціборствам — у сцэне, дзе Яўмен падпільноўвае няўлоўную рыбіну, выцягвае яе на бераг. Аднак змаганне з рыбінай адбываецца «па правілах» (як і ў старога Сант'яга ў апавяданні Э. Хэмінгуэя), згодна з няпісанай маральнай нормай, усталяванай у Сусвеце. I, пацвярджаючы норму дабра і «велікадушнасці», Яўмен выпускае злоўленую рыбіну назад, у водную стыхію. 
  Этычныя высновы аповесці «Цвіце на Палессі груша» месцамі падаюцца спрошчана, даведзенымі больш дыдактычным і разумовым, чымсьці эстэтычным шляхам. І ўсё ж гэты твор важны ў разуменні канцэпцыі пракаветнага і зруйнаванага Эдэму, якая высноўваецца ў «экалагічнай» прозе В. Казько і якая ў востра канфліктнай, экспрэсіўнай форме развіваецца ў першым яго рамане «Неруш» (1981). Паводле жанравай і тэматычнай канвы «Неруш» становіцца ў кантэкст твораў сямідзесятых — васьмідзесятых гадоў, у якіх настойліва, часам у надзвычай эмацыянальнай форме даводзілася канфліктнасць узаемадачыненняў прыроды і чалавека ў эпоху НТР, недасканаласць этычных адносін у соцыуме, дэфіцыт духоўнасці на фоне дасягненняў навукі. Гэтая тэма дамінавала ў творах Чынгіза Айтматава («Белы параход»), Віктара Астаф'ева («Цар-рыба»), Валянціна Распуціна («Развітанне з Мацёрай»), ІонаДруцэ («Святая святых»), Віктара Карамазава («Пушча»). 
Пазней празаікі і публіцысты пачалі ставіць пад сумненне сам накірунак навукова-тэхнічнага прагрэсу, звязаны з пабудовай тэхнакратычнай цывілізацыі, аспрэчвалі грандыёзныя «праекты веку», звязаныя з незваротнымі маральнымі і матэрыяльнымі стратамі, не пралічаныя ў іх чалавечым, духоўным аспекце — бязладную эксплуатацыю прыродных сродкаў, вынішчэнне флоры, фауны і натуральных ландшафтаў, праекты «павароту сібірскіх рэк», абваднення пустэчаў і асушэння балот, выпрамлення рэк. Раман «Неруш» з'явіўся крыху раней, чым пра варварскае асушэнне Беларускага Палесся на поўны голас загаманілі публіцысты (В. Якавенка, А. Петрашкевіч, А. Казловіч). 
Хараство Палесся, спрадвечная гармонія палескага ландшафту, жывёльнага і расліннага свету, традыцыйнага побыту палешукоў з'яўляюцца ў гэтым творы апраўданым, зыходным момантам. Крэўная еднасць Палесся і палешукоў, сама ідэя Палесся як зямнога Эдэму фармуе эталон аўтарскіх уяўленняў пра сусветную гармонію, на якую чалавеку не дадзена права замахвацца: «Калі ёсць на зямлі рай, няма яму лепшага месца, чым вось гэтае, дзе стаіць на беразе рачулкі яго вёска Княжбор, дзе побач лес і вада, дзе недалёка возера Княжае — Князь-возера, вялікае, сівае ад чароту і гадоў сваіх. Ляднік, гавораць, як плугам, праараў яму ложа, яно і легла ў гэтае ложа і не хоча іншага. Рака, тая яшчэ кідалася, злавалася на свае берагі, вада яе не хацела прызнаваць берагоў, дзёрла, драпежыла іх, васемнаццаць раз здраджвала толькі тут, пад Княжборам, свайму рэчышчу. І цяпер васемнаццаць старыц апавядаюць небу пра гэтыя здрады, спякотным поўднем перагаворваюцца праз неба брат з братам, сястра з сястрой. 
1 толькі неба і сонца дасягаюць іх дна, ведаюць усе віры і ямы, дзе атабарыліся і раскашуюць вусатыя самы, дзе чакаюць свайго часу занесеныя пяском стагоддзяў мораныя дубы, дзе і сёння мо жыве балотны бык». Асяроддзе, звязанае з воднай стыхіяй, паводле раманнай канцэпцыі, фармуе тую няўлоўнасць, зменлівасць паляшуцкай душы, якая робіць непрадказальнымі, часам алагічнымі паводзіны персанажаў — старой Ненене, Махахея і Махахеіхі, Барздыкі, стогадовага дзеда Дзям'яна, маладзейшых Ваські Брытана і Надзькі, нарэшце, цэнтральнага персанажа — Мацвея Роўды. Характары палешукоў паўстаюць у творы пазбаўленымі таго даволі ўстойлівага псіхалагічнага або сацыяльнага лейтматыву, паводле якога яны ствараліся ў «Палескай хроніцы» Івана Мележа. Разам з тым і мележаўскія персанажы дзівяць сваёй непаслядоўнасцю, вонкавай нематываванасцю ўчынкаў, і гэтую рысу Віктар Казько якраз і працягвае як тэндэнцыю. Цякучасць, дыялектычная супярэчлівасць быцця праяўляюцца і на ўзроўні міфалагічнага пласта вобразнасці. 
Вадзяны бык, Жалезны Чалавек, Галоска-галасніца — гэтыя міфалагічныя постаці ўводзяцца аўтарам у твор не дзеля вонкавай дэкаратыўнасці. Існаванне гэтых вобразаў падаецца амаль як рэальнае, прынамсі, аўтар рупіўся пра плаўны, амаль нябачны пераход апавядальнай плыні ад прыземленай бытапісальнасці да фантасмагорыі і міфалагізму. Міфалогія Палесся складае частку раманнага хранатопу, дапаўняе тую «неруш», якая складае пракаветныя асновы быцця рэгіёну. Ствараецца сінкрэтычнае цэлае рамана — шматпластавая рэальнасць, знітаваная ў прасторы і часе, але і канфліктная ўнутры сябе. Мяжа канфліктнасці палягае паміж адвечным, заведзеным на тысячагоддзі прыродным рухам — і неспакойнай, мітуслівай чалавечай чыннасцю. 
«Прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць», — такая думка выспаведваецца ў рамане. Княжбор, які падаваўся раем зямным, можа абярнуцца і пеклам, калі антаганізм паміж чалавекам і прыродай пераўзыдзе пакладзеныя яму межы; так і здараецца, калі ў выніку няўмелай, варварскай меліярацыі вёску знішчае паводка, В. Казько паспрабаваў вырашыць няпростую мастакоўскую задачу: пераасэнсаваць праявы і наступствы меліярацыі ў філасофскім плане, перавесці «вытворчыя» эпізоды ў жанравы дыяпазон прыпавесці. Умяшанне тэхнакратаў у спрадвечнае быццё Палесся мусіць успрымацца як аналаг першароднага граху, як. замах на Эдэм, парушэнне маральнай забароны («нерушы»). 
Каб забяспечыць гэты пераход, пісьменнік скарыстаў некаторыя біблейскія архетыпы: паводка, спакуса, пакаранне чалавека стыхійнымі бедствамі. Разам з тым некаторыя апісанні ў раздзелах «Выбар», «У зоне знішчэння» выглядаюць чыста тэхналагічнымі, перагружанымі спецыяльнай тэрміналогіяй, перыферыйнымі ў дачыненні да задумы твора. Нязгода, прынцыповае разыходжанне паміж двума галоўнымі персанажамі рамана — старшынёй княжборскага калгаса Мацвеем Роўдам і міністэрскім функцыянерам Шахраем — праяўляюцца не як звыклы вытворчы канфлікт (як магло падацца з асобных эпізодаў твора), а як дзве адрозныя і канфліктныя формы экзістэнцыі, адрозныя спосабы духоўнага і маральнага існавання. Шахрай — чалавек, які цалкам адмовіўся ад той маральнай нормы, што абумоўлівае сувязь чалавека з зямлёй, прыродай; ён, былы паляшук, адчувае агіду да таго, чым уяўляецца жывое і адметнае Палессе. «Гэта можна толькі ненавідзець», — грэбліва кажа Шахрай, калі за акном машыны разгортваецца адмысловы краявід яшчэ не кранутага меліярацыяй балота. 
Меліярацыю Шахрай апраўдвае неабходнасцю «карміць людзей», апраўдвае разбурэнне натуральнага біятопу вялікім «хлебам». Але ў вуснах чалавека, які страціў пачуццё крэўнасці, знітаванасці з зямлёй — калыскаю ўсяго жывога, — гэтыя словы гучаць як танная дэмагогія. Інстынктыўнае, амаль жывёльнае пачуццё крэўнасці з'яўляецца ў Шахрая адно тады, калі штось пагражае яго ўласнай асобе. Гэтак, чалавек, па чыйму цыркуляру быў вынішчаны вялізны абсяг Палесся, панічна баіцца закрануць лязом брытвы радзімку на ўласным твары. Загана Шахрая — не недахоп так званага «экалагічнага мыслення», яна палягае ў груба прагматычным, не суадносным з маральнасцю і духоўнасцю стаўленні да жыцця. 
І прыходзіць у супярэчнасць з маральным імператывам, афарыстычна абвешчаным у Евангеллі: «Не хлебам адзіным жыць будзе чалавек» (Паводле Марка, 4, 4). Персанаж, які выглядае апанентам Шахрая ў адносінах да Палесся, у маральнай чуйнасці, пачуцці знітаванасці з родным краем, прыродай, — Мацвей Роўда. У бягучай крытыцы, якая сустракала раман, вобраз Роўды крыху паспешліва атаясамліваўся з новай, сучаснай мадыфікацыяй так званага «станоўчага героя» — разважлівага, надзеленага адказанасцю за свае і калектыўныя ўчынкі, гістарычным мысленнем. Аднак Роўда, пры ўсёй сваёй непадобнасці да Шахрая, усё ж выглядае ў творы не носьбітам дабра, а саўдзельнікам — хай сабе і па няведанні — злачынства, якое здзяйсняецца над Палессем. Бо і ён пераступае праз забарону, сэнс якой зашыфраваны ў метафарычным загалоўку твора: «не руш». 
Разам з тым Мацвей Роўда з'яўляецца не толькі носьбітам віны людзей перад Палессем, але і адказчыкам за яе. Як і персанажы папярэдніх аповесцей В. Казько, пасталелыя «дзеці вайны», Роўда надзелены балючым сумленнем, схільнасцю да пакутлівых рэфлексій — рысай, якой цалкам пазбаўлены Шахрай. Калі робяцца відавочнымі жахлівыя наступствы гвалту меліяратараў над Палессем — эрозія і абязводжванне глебы, падзенне ўрадлівасці, збядненне і вынішчэнне унікальнай флоры і фауны, — у свядомасці Роўды выспявае пакутлівы працэс самаацэнкі, суда над сабою. Як і ў «Высакосным годзе», гэты псіхалагічны працэс перадаецца з падключэннем метафарычнага пісьма, міфатворчасці. 
Героя вінавацяць не толькі вяскоўцы-палешукі, якім даводзіцца збіраць змарнаваны засухай і пылавымі бурамі ўраджай, — яму мрояцца «вочы Палесся», якія пазіраюць з бяздоннай прорвы з дакорам і асуджэннем. Танальнасць гэтых эпізодаў рамана надзвычай эмацыйная, пранізлівая, часам у такой ступені, што назіраецца педаліраванне, нагнятанне аднаго і таго ж пачуцця, пазбаўленага адценняў. Можна канстатаваць і наўмысную перагружанасць твора ўскладнёнымі метафарамі, своеасаблівую стылёвую таўталогію, тады, прыкладам, калі героі «Нерушы» ўвесь час уяўляюць сябе часцінаю Палесся — раслінамі, багнай, лесам, Жалезным Чалавекам. Нагрувашчванне таўталагічнай вобразнасці стварае некаторую сюжэтную сумбурнасць, за што слушна ўпікала празаіка крытыка. Аднак кульмінацыйныя, найболыц драматычныя сюжэтныя моманты апраўдваюць і эмацыйны лішак, і метафарычную перанасычанасць рамана, бо ў іх адбываецца канцэптуальная «пераплаўка» эмпірычнага матэрыялу, яго пераўвасабленне і актуалізацыя. 
У кантэксце нашага часу гэтыя эпізоды выглядаюць надзвычай сімптаматычнымі, прароцкімі. Так, асушанае Палессе называец-ца аўтарам «зонай энішчэння», і гэта нагадвае і пра слынную «зону» ў фільме Таркоўскага «Сталкер», і пра будучую «зону адчужэння» на Палессі пасля Чарнобыля. Раман завяршаецца ўражлівым апісаннем катастрофы — чорнай пылавай буры, якой адпомсціла Палессе за гвалт над сабою. Раман «Неруш», такім чынам, мае ў сабе элементы новага све-таадчування — трывогі за будучыню, прадчування катастроф. Эмацыйны «выбух» папярэдніх рэчаў В.Казько звязаны збольшага з мінулым; гэта творы-рэквіемы. У «Нерушы» горшае прадбачыцца ў будучыні. У асобных, надзвычай драматычных эпізодах твора праглядаюцца апакаліптычныя матывы, што дае падставу сцвярджаць пра новую з'яву ў беларускай раманістыцы — набліжэнне да жанру рамана-антыутопіі, надзеленага футуралагічнай, папераджальнай і прагнастычнай функцыямі. Неабходнасць такога жанру тэарэтычна абгрунтаваў Алесь Адамовіч, ён жа стварыў і ўзор такой рэчы — рускамоўны раман «Апошняя пастараль».   Сярод твораў В.Казько няма рамана, які цалкам адпавядаў бы жанравым канонам антыутопіі. Але можна сцвярджаць пра ўзмацненне апакаліптычных і антыутапічных тэндэнцый, гэтаксама як і пра інтэлектуалізацыю яго прозы, набліжэнне да яшчэ аднаго сучаснага раманнага жанру — філасофскага рамана. Пра гэта сведчыць наступны буйны твор пісьменніка — «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1986). Твор гэты, як і ў свой час «Суд у Слабадзе», наноў падсумаваў творчы досвед пісьменніка, прычым у ім злучыліся не толькі дзве ўлюбёныя празаікам тэмы — абяз-доленага дзяцінства і стасункаў чалавека і прыроды, але дадалася і новая — чалавек у кантэксце гісторыі. Гістарычны абсяг, ахопле-ны позіркам празаіка, аказаўся значна шырэйшым за жыццёвы шлях герояў, чые лёсы прасочвае В.Казько. Таму раманны час, сканцэнтраваны вакол падзей XX ст. (рэвалюцыя і грамадзянская вайна, час калектывізацыі і рэпрэсій, другая сусветная вайна, пасляваенная разруха і нішчымніца, нарэшце, васьмідзесятыя гады), але рэтраспектыўны план твора сягае ў больш аддаленую мінуўшчыну, не толькі гістарычную, але і легендарную, міфалагічную. Структуру твора ўскладняе яшчэ і так званы «аўтарскі час» — апісанні пакутлівага працэсу творчасці, пошуку кампазіцыйна-сюжэтнай цэласнасці. У часопісным варыянце твор меў назву «Сад, або заблытаны след рамана», што паказвала на эксперыментальную жанравую прыроду твора, яго ўскладнёнасць і асацыятыўны, амаль эсэістычны лад пісьма. 
Пісьменнік вольна распараджаецца мастацкім хранатопам, сумяшчае розныя часавыя пласты, эксперыментуе з прасторавымі асацыяцыямі. Гэта стварае асаблівы тып светаадчув,ання, калі чалавек можа адчуць у сабе ўвесь сабраны ў кропку сусвет, суперажыць цяжар універсальнай экзістэнцыі. Так, аднаму з персанажаў рамана, Уладзіку, — юнаку з надзвычайна далікатнай і чуйнай натурай, аднойчы «здалося, што ён увабраў у сябе ўсё: ваду, дрэвы, сонца, неба. Сусвет размясціўся ў ім, здратаваны бурамі, землетрасеннямі, выбухамі атамных бомб, нёсся ў невядомае і вось-вось павінен быў даканаць яго, раздзерці, разбіць на планеты і зоры». Пашыраны ў рамане прыём, ужываны і ў «Нерушы», — атаясамліванне сябе з прыродай, зліццё з ёю, сінкрэтызм светаадчування. 
Герой-апавядальнік, прыкладам, не раз уяўляе сябе ўсім, што ёсць у прыродзе, — «спакоем і цішынёю, сонцам і небам, краснапёркаю, рыбінаю, страказой, што празрыста планіравала над вадой». I, наадварот, жывым істотам — звярам, птушкам, рыбам — надаюцца ўласцівасці чалавечага розуму. Літаратурны кантэкст, у якім тварылася «Хроніка дзетдомаўскага сада», ведае шмат прыкладаў па добнага адухаўлення і антрапамарфізму: Гаспадар вострава ў «Развітанні з Мацёрай» В. Распуціна, Вавёрка ў аднайменным рамане А. Кіма, Стары бабёр у «Паляванні на Апошняга Жураўля» А. Жука, ваўчыца Ахбара ў «Пласе» Ч. Айтматава. 
Характэрна, што ўсіх аўтараў, у тым ліку і В. Казько, цікавіць не столькі «псіхалогія» жывой істоты, колькі магчымасць праз падключэнне «звярынай» мудрасці, з элементамі інтуіцыі, інстынкту, даследаваць цьмяныя праявы светабудовы, дайсці да патаемных вытокаў існавання чалавека ў прасторы-часе, Так, у рамане «Хроніка дзетдомаўскага сада» з'яўляецца зубр Сноўдала, надзелены не толькі розумам філосафа, але і містычнай здольнасцю вандраваць праз час. Падуладны свайму інстынкту, адной яму вядомай мэце, Сноўдала прабягае лес, балоты, горад, чорны тунэль, апраметную. Праходзіць нязнанымі калідорамі часу, апынаецца ў розных эпохах. Бег зубра, які як бы «сшывае» раз'яднаныя прасторава-часавыя пласты, стварае асаблівы тып мыслення, уласцівы прозе другой паловы XX ст., — архетыповы. Архетып пазначае паўторы, вяртанне да адвечных праблем і канфліктаў. Поруч з зубрам паў-стае вобраз паляўнічага — Барталамеўса Шпаковіча, вядомага тым, што на пачатку стагоддзя забіў апошняга зубра ў Белавежы. Зубры зноў з'явіліся ў пушчы, але неўміручым стаўся і Шпаковіч, чыя прывідная постаць пераследуе Сноўдалу на яго шляху. Шпаковіч гатовы страляць яшчэ і яшчэ — і напрыканцы твора гэты стрэл прагучаў. 
Так мадэлюецца архетып адвечнага палявання, паводле якога свет выглядае палярызаваным: у адвечным процістаянні знаходзяцца ў ім забойцы і ахвяры, разбуральнікі і стваральнікі. Паўстае дылема, вядомая з «Эклезіяста»: будаваць або руйнаваць, раскідваць або збіраць камяні. Пытанне ўскладняецца тым, што ў грамадскім жыцці дагэтуль не ўсталяваліся дастаткова трывалыя крытэрыі стваральнай дзейнасці: яны трактуюцца адвольна не толькі ў розных гра-мадскіх сістэмах, але і на ўзроўні індывідуальнай чалавечай экзістэнцыі. Невераемная ўскладнёнасць, заблытанасць этычнага пытання праглядаецца ў галоўнай сюжэтнай лініі рамана: узаемадачыненнях і лёсах двух персанажаў, Мар'яна Знаўца і Сідара Місцюка. На першы погляд, гэта героі-антаганісты: першы — летуценнік, ідэаліст, гатовы без роздуму пакласці ўласнае жыццё на алтар ідэі, хай сабе і не выпрабаванай часам, але зманлівай і прыгожай. 
Другі — паслядоўны прагматык, эгацэнтрыст, першая думка якога — пра ўласнае жыццё, магчымасць выжыць любым коштам у трагічным збегу абставін. Першы звязаў свой лёс з ідэаламі савецкай улады, ваяваў, старшыньстваваў у калгасе, нарэшце, выхоўваў беспрытульных «шкетаў» у дзіцячым доме. Другі ўсяляк прыстасоўваўся, прыгандлёўваў, падымаў гаспадарку, карміў сям'ю. Але лёс з дзіўнай настойлівасцю ды іроніяй будзе не толькі сутыкаць, але і знітоўваць разам шляхі гэтых непадобных людзей. Бацька Місцюка тра-піць у лік раскулачаных, бацька Знаўца будзе рэпрэсаваны, а героі сустрэнуцца ў адным лагеры. 
Пасля вайны абодва будуць працаваць у дзетдоме: Мар'ян — дырэктарам, Сідар — намеснікам па гаспадарчай частцы. Вельмі часта сімпатыя аўтара будзе схіляцца на бок Мар'яна як носьбіта духоўнасці, «бяссрэбніка» і працаўніка. Гэта дало падставу некаторым крытыкам безагаворачна залічыць Знаўца ў шэраг «станоўчых» герояў, Місцюка — у «адмоўныя». Ідэалізм першага і віталізм другога персанажаў не антаганістычныя паводле сваёй прыроды; гэта ненатуральныя абставіны ставяць іх у адносіны канфліктнасці. Зноў высвечваецца пытанне пра парушэнне маральнай забароны, адказнасць за якое кладзецца на ўсіх людзей. 
Тэма страчанага Эдэму цяпер разгортваецца праз метафарычны вобраз Саду. Метафара матэ-рыялізавана ў вобразе яблыневага саду, які колісь належаў па-мешчыкам, шматкроць высякаўся, нішчыўся — і зноў адраджаўся дзякуючы высілкам пагранічнікаў, дзетдомаўцаў, самога Мар'яна Знаўца. Чыннасць дзеля іншых, ахвярнасць, падзвіжніцтва — гэтыя маральныя якасці праяўляюцца ім у клопаце пра сад. Іх як быццам бракуе Місцюку, які марыць паставіць у дзетдомаўскім садзе сваю хату. Паміж тым, паняцце «сад» мае недалёкую асацыяцыю з выказваннем вальтэраўскага Кандыда «Кожны вырошчвае свой сад» і таму можа атаясамлівацца з індывідуальным выбарам, воляй распараджацца ўласным лёсам. 
Місцюк абірае свой шлях, ён «урабляе ўласны сад» працуе на зямлі і заахвочвае да працы іншых, узгадоўвае цягавітых, рахманых сыноў. А Знавец так і не здолеў стварыць уласнай сям'і. Ніводзін з варыянтаў выбару, ніводзін з двух шляхоў не выглядае цалкам дасканалым; чым больш разыходзяцца шляхі Місцюка і Знаўца, тым больш паглыбляецца канфлікт твора. Яго кульмінацыйны пункт — заняпад дзетдомаўскага будынка, саду, няшчасці, якія ідуць следам. Ссыхаюць стогадовыя дубы, мялее рэчка, знікаюць бабры, пачынаецца нашэсце на вёску мышэй і пацукоў, гінуць пчолы, на лес накідваюцца пажары. 
Згушчэнне, канцэнтрацыя змрочных фарбаў надаюць фіналу рысы Апакаліпсіса. Не здымае змрочнага ўражання кволая спроба катарсісу: з пажарам, які вось-вось перакінецца на вёску, ідуць змагацца людзі, наперадзе ўсіх — дзеці. У цэлым твор прасякнуты выразным прадчуваннем катастрофы. Калі раман з'явіўся ў друку, катастрофа ўжо выбухнула — яе эпіцэнтрам сталася якраз Гомельскае Палессе. Варта было чакаць, што такі эмацыйны, чуйны да грамадскай бяды і болот мастак як Віктар Казько, адразу адгукнецца на гэтую трагедыю новым раманам, яшчэ больш трагічнага гучання і апакаліптычнага зместу. 
Шэраг беларускіх літаратараў неўзабаве адрэагавалі на чарнобыльскую бяду публіцыстычнымі, паэтычнымі, драматургічнымі творамі. Разам з тым у абноўленай, складанай грамадскай атмасферы канца 80 — пачатку 90-х гадоў выспявала перакананне, што час адкрытых сацыяльных заказаў і аўтаматычнага выканання іх літаратарамі мінаецца. Выспявае неабходнасць няспешнага заглыблення ў адвечныя праблемы. Чарнобыльская катастрофа — такая звышз'ява, адэкватнае спасціжэнне якой адбудзецца, магчыма, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У той жа час літаратурны досвед апошніх год пэўным чынам спраецыраваўся і на творчасці В.Казько — празаік актыўней выступаў у жанры публіцыстыкі, спрычыніўся да перагляду і карэкцыі ранейшых уяўленняў пра гісторыю, месца чалавека ў грамадстве..Так, у нарысе «Дзікае паляванне каралёў сталіншчыны» пісьменнік ва ўласцівай яму сімволіка-метафарычнай манеры пераасэнсоўвае канфліктную сітуацыю, звязаную са святкаваннем і разгонам удзельнікаў свята Дзядоў на Маскоўскіх могілках і каля Курапатаў у кастрычніку 1988 г. Актыўна выступаючы ў камерных жанрах — навеле, эсэ, нарысе, — В. Казько ў постчарнобыльскі час не забываўся і на творы буйных жанравых форм, у якіх праглядаюцца ўвесь яго папярэдні творчы досвед, асноўныя праблемы, але ў новым, часам нечаканым ракурсе.   Аповесць «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» тэматычна прымыкае да шэрага твораў празаіка, угрунтаваных на палескім матэрыяле. 
Хаця час дзеяння твора — пасля Чарнобыля, апо-весць не выглядае спробай маштабнага мастакоўскага спасціжэння агульнабеларускай трагедыі. Аўтар проста не ставіў такой звышзадачы, хаця «знакі бяды», згубны подых нябачнай радыяцыйнай смерці абумоўліваюць асаблівую атмасферу аповесці, надзвычай гнятлівую, на мяжы з безнадзейнасцю. Мікракатастрофа, якую апісвае В. Казько, — высячэнне ляснога масіву ў «зоне», — лакадьная па маштабе, не ідзе ні ў якое параўнанне ні з чарнобыльскай бядой, ні з сацыяльнымі катаклізмамі, якімі перапоўнена гістарычнае быццё нашага народа на працягу стагоддзя. Але аўтар надае гэтай падзеі трагічныя харакгарыстыкі Апакаліпсіса. 
Знішчэнне лесу сталася апошняй кропляй, якая ўзбурыла бясконца цярплівых і цягавітых палешукоў. Але ні іх бунт, ні спроба самога аўтара падсумаваць горкі плён гістарычных памылак і расчараванняў у гэтым творы няздатныя вывесці да нейкай канцэптуальнай яснасці са стану бязладдзя, сумбуру і хаосу. Пякучая плазма постчарнобыльскіх рэалій разам з рэшткамі, аскдепкамі ранейшых раскіданых сацыяльных міфалагем ствараюць гэты сумбур, які сам аўтар падкрэслівае ў публіцыстычных адступленнях. Аповесць эмацыйна «перагрэтая», перагружаная метафорыкай, публіцыстычнай і фантасмагарычнай фактурай. Але яе бясспрэчную каштоўнасць выяўляюць некалькі паляшуцкіх тыпажоў, якія нясуць у сваіх характарыстыках не толькі рэгіянальныя, але і многія сучасныя, глабальныя постчарнобыльскія рысы. 
Пісьменнік назірае ломку светагіоглядаў, на жаль, не пазначаную адметамі пакаяння і катарсісу. Яго палешукі з «партыйнымі» мянушкамі — «Стадш», «Кагановіч», «Берыя» — маральна спустошаныя, скалечаныя і спітыя асобы. Гэтыя характары тыпалагічна блізкія тым «бамжам», якіх вывеў у сваім «Зломе» А. Дудараў, і «цэзарам» з чарнобыльскай зоны, апісаных Віктарам Карамаза-вым у аповесці «Краем белага шляху».                    Біблейскія інтанацыі твора стасуюцца з яго апакаліптычнымі матывамі. 
 
Паўтараецца скразны матыў шэрага твораў В. Казько — зруйнаванне Эдэму. На гэты раз тэма агульналюдскага граху раскрываецца ў прыпавесці пра чорнага бусла, якую распавядае сваёй унучцы стогадовая бабуля. Лёс бусла, які ў часы раю зямнога навучыўся лятаць, адарваўся ад матухны-зямлі і не сягнуў да неба, атаясамліваецца з трагічным і, магчыма, памылковым выбарам, які зрабіла чалавецтва, стварыўшы тэхнакратычную цывілізацыю.   Вяртанне да раней распрацаваных тэм, канцэпцый сталася заканамернасцю творчасці В.Казько, што адпавядае і універсальнай рысе сучаснай прозы — яе «парабалізму», пераасэнсаванню архетыпаў. Так, тэма «страчанага дзяцінства» ў прынцыпова новым ракурсе рэалізуецца ў аповесці «Но Пасаран». Час, у які памяшчае герояў-падлеткаў В. Казько, надзяляецца не меншым драматызмам і канфліктнасцю, чым ваенны. Гэта — апошнія гады культаўскай эпохі, працяг выкарчоўвання «ворагаў народа», «халодная вайна» з яе наступствамі — шпіёнаманіяй, падазронасцю, ідэалагічнымі кампаніямі. 
У гэтых варунках выгадоўваецца новае пакаленне — дзеці, у чыёй свядомасці наіўная вера ва утапічныя ідэалы стасуецца з паранаідальнай нянавісцю да «Захаду», спрошчана-прымітыўнымі ацэнкамі рэчаіснасці, дэфармаванай этыкай, у якой дамінуюць абстрагаваныя класавыя догмы. Дзеці мараць пра «сусветную рэвалюцыю», нават «рыхтуюцца» здзяйсняць яе, здабываюць зброю, але гэтыя гульні абарочваюцца цяжкімі наступствамі. Но Пасаран — так клічуць цэнтральнага персанажа твора — губляе бацьку, якога гэбісты абвінавачваюць у захаванні зброі і арганізацыі банды. Вяртанне ў дзяцінства з'яўляецца для пісьменніка спробай ураўнаважыць дысгарманічныя праявы створанага ім мастацкага свету. В.Казько ў апошні час імкнецца абвергнуць устойлівую мастацкую формулу ранейшых твораў — разбуранага Эдэму, спа кушанага Сусвету. Адсюль — спробы пашырэння эстэтычнай прасторы праз падключэнне незямных, касмічных рэалій. Адна з такіх спроб робіцца ў аповесці «Прахожы» (1995). У гэтым творы аўтару ўбачылася небяспека чалавецтву звонку, з Космасу ў выглядзе каметы, якая пагражае сутыкнуцца з Зямлёй. Гэтая сюжэтная пасылка дае падставу герою-апавядальніку задумацца над лёсам і прызначэннем чалавечай цывілізацыі: ці не на згубу Сусвету створана яна? 
Ці не пагражае сама Зямля астатняму Сусвету, калі зямляне прарвуцца ў неабсяжны Космас? Постчарнобыльскія рэаліі, праявы духоўнага і сацыяльнага распаду, якія штодня назірае герой, нібыта пацвярджаюць сумную здагадку. Але фінал твора, як адзначае крытык Д. Бугаёў у артыкуле «Пахавальная песня з пробліскамі надзеі» («Крыніца», 1997, № 12), двухсэнсоўны. Ён можа азначаць не толькі гібель, але і адраджэнне, абнаўленне жыцця людзей на Зямлі. 
  Пераадоленне змрочных, апакаліптычных прагнозаў, якое робіцца часткай аўтарскай пазіцыі, адбываецца праз своеасаблівую ўнутраную барацьбу, спрэчку з самім сабой. У выніку пісьменнік мусіць задумацца над самой прыродай мастацкай творчасці, яе патаемнымі, дагэтуль не прасветленымі матывацыямі. Плёнам такога роздуму сталася аповесць «Да сустрэчы...» (1997), у якой распавядаецца пра смерць Майстра. Апроч відавочнай рэміні-сцэнцыі з раманам М.Булгакава «Майстар і Маргарыта», твор мае выразную жыццёвую паралель: ён прысвячаецца памяці знакамітага кінарэжысёра В. Турава. У творы, аднак, мы назіраем героя сумарнага — мастака, які гэтаксама, як і герой «Прахожага», раздумвае пра недасканаласць і, магчыма, заганнасць шляху развіцця, абранага зямной цывілізацыяй. У аповесці шмат рэалій, якія ўварваліся ў яе проста «з вуліцы»: хлопчыка-нямка абвінавачваюць у пастарунку ў выкрыкванні антыўрадавых лозунгаў; дзяўчынка марыць стаць прастытуткай... Прысуд Майстра сучаснікам і свайму часу жорсткі: чалавецтва таксама канае, знаходзіцца ў апошняй стадыі распаду. 
Ідэал мастацтва — адзінае, што процістаіць у гэтым смутным творы татальнаму бязладдзю. Затое ў рамане «Бунт незапатрабаванага праху» апакаліптычнае кола прозы В. Казько зноў размыкаецца. У гэтым творь ажыццявіўся адзін са сталых творчых прынцыпаў пісьменніка разгортванне і паказ чалавечай душы як Сусвету, з яго неабсяж насцю і бясконцасцю ў часе. Герман (ён жа Юры, Георгі) Говар як і герой «Прахожага», вядзе падвойнае жыццё: рэальнага чала века і фантастычнай, таямнічай істоты, здольнай да пераўвасабленняў, трансцэндэнтальных вандровак. 
Тэма непахаванага праху (відавочная рэм інісцэнцыя з праблемай маўзалея і знаходжанне цела правадыра ў ім) раскрываецца як роздум пра жыццё пасля смерці — смерці цывілізацыі, калі яна прайшла праз усе згубныя «постіснасці», крочыла ў новае тысячагодцзе. Магчымасць такога жыцця даводзіцца ў «Эпілогу» рамана, у якім распавядаецца пра жыццё людзей, што наноў засялілі атручаныя Чарнобылем раёны. Пісьменнік вяртаецца да свайго ўлюбёнага матыву Саду, які трэба даглядаць нягледзячы ні на што. Відавочна, аднак, што і ў гэтым творы апошняя кропка ў роздуме над лёсам і перспектывай цывілізацыі пісьменнікам не пастаўлена. Творы В.Казько апошніх год дадаюцца да творчага досведу празаіка відавочным плёнам і абумоўліваюць новы канцэптуальны пласт яго прозы — вострасацыяльны, звязаны з актуаліямі канца XX ст. Агульны вектар творчасці В. Казько праглядаецца ў кантэксце беларускай прозы як рух або тэндэнцыя да стварэння рамана новага кшталту, у якім наспявае пераход сінкрэтызму ў сінтэтызм, аналітыкі і дыдактыкі ў канцэптуальнасць і філасафічнасць.  

Віктар Казько, аўтар  раманаў “Неруш”, “Хроніка дзетдомаўскага саду”, аповесцей “Суд у Слабадзе”, “Но пасаран”, “Выратуй і памілуй  нас, чорны бусел”, адносіцца да сярэдняга пакалення пісьменнікаў. У полі зроку яго знаходзіцца  тэма вайны, пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі, узаемаадносіны чалавека з прыродай. У аповесці “Суд у Слабадзе”  аўтар паказаў жорсткае аблічча  фашысцкіх вылюдкаў – вампіраў, якія ў гады вайны ператварылі  палонных дзяцей у донараў для  сваіх салдат і афіцэраў.Героямі  аповесці “Выратуй і памілуй пас, чорны бусел” з’яўляюцца звычайныя  палешукі, якія многа чаго зведалі  ў сваім нялёгкім жыцці. Жывучы надзённымі клопатамі аб ежы, кураве, адзенні, яны  як бы змірыліся са сваім лёсам  і “бесперспектыўным” становішчам, адышлі ад грамадскай дзейнасці. Калі ж паўстала пытанне аб знісчэнні  парадзелай пасля шматлікіх вырубак  дубровы, дзе жыў занесены ў Чырвоную кнігу чорны бусел, людзі прачнуліся. Яны нарэшце зразумелі, што іх раўнадушша, абыякавасць да навакольнага могуць прывесці да бездані, забыцця, самазнішчэння. Аўтар сцвярджае, што кожны чалавек  павінен заныць актыўную жыццёвую пазіцыю  ў адносінах да прыроды і жывёльнага свету, грамадства наогул. Цэментуючай  асновай у рамане “Хроніка дзетдомаўскага саду”, дзе спалучыліся падзеі мінулай  вайны і сённяшняга дня, з’яўляецца сад. Калісці яго пасадзіў Трахім Трубецкі, які верыў, што дрэвы  — гэта працяг чалавечага жыцця, сувязь пакаленняў. Чалавек, на думку героя твора, жыве, “пакуль яго не забыліся” : “Пасаджанае табою дрэва — гэта ты сам, гэта чалавек, працяг яго ў вяках … Людзі пра яго не забудуцца, сад будзе расці”. Аднак у гады вайны сад быў знішчаны фашыстамі. Але зноў зашапацелі маладой лістотай дрэвы сада, які паслы вайны аднавіў дырэктар дзіцячага дома Мар’ян Знавец са сваімі выхаванцамі. Клопаты пра сад аб’ядналі герояў твора, зблізілі іх духоўна. У барацьбе з Сідарам Місцюком, які на месцы саду пабудаваў сваю хату, маральную перамогу атрымалі дырэктар і яго выхаванцы. Сад для іх, як і прырода наогул,-- гэта аснова чалавечага жыцця, яго будучыні. Раман В. Казько “Неруш” прысвечаны Палессю, асушэнню балот. Галоўны герой — Мацвей Роўда — сумленна працуе на пасадах начальніка будаўніча—мантажнага ўпраўлення і старшыні калгаса, безадказна выконваючы інструкцыі і распаражэнні начальства, не дбаючы пра сістэму вадасховішчаў. Задумаўшыся аб выніках сваёй дзейнасці, Роўда разумее, што ён спрыяў парушэнню раўнавагі ў прыродзе і таму павінен несці адказнасць за здзейсненнае. Жалезны Чалавек, яго двайнік, судзіць галоўнага героя : “Ты ўзяў зямлю ў першароднасці і квецені, дез смецця і паскудства. Чыстымі білі туманы, вольнымі птушкі, пладзіліся жывёлы твае, пладаносілі дрэвы, яшчэ Княжбор дастаўся табе ў першароднасці і першастворанасці лясоў, рэк і крыніц, верхавых і нізавых балот, але ты кінуўся, улёг перарабляць яго, муляла вока табе першастворанасць, крануў ты неруш, крануў і сябе. І цяпер ужо тваё ўласнае дзіця, машына, створаная табой жа, і шкодзіць табе ж. Хутка ты сам будзеш шкодзіць, ужо шкодзіш, ужо лішні сам сабе, імкнешся пераступіць і цераз сябе. Але я табе не дазваляю, не даю. І тваё шчасце, што ў цябе ёсць я, што пакуль яшчэ існую”. Роўда прыходзіць да канчатковай высновы, што здрадзіць сваёй зямлі нельга, што неабходна змагацца за Княжбор, шукаць разумных узаемаадносін з прыродай і навакольным светам, што трэба процістаяць прагматыкам Шахраю і Рачэўскаму, якія знішчэнне прыроды апраўдваюць утылітарнымі мэтамі. 

Віктар  Карамазаў 

     Карамазаў Віктар, нарадзіўся 27.06.1934 г. у горадзе Чэрыкаве Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

     Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага  факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў). У 1962-1963 гг. - уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1964 г. працаваў у газеце «Звязда» - літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, а затым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. У 1969-1971 гг. быў літсупрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм», сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. З сакавіка 1982 г. - загадчык аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1982-1986 гг. - кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1969 г.

     Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

     Першае  апавяданне надрукаваў у 1958 г. (альманах «Советская Отчизна»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Падранак» (1968), «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974), «Вясёлка сярод зімы» (нарысы, 1978), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), «Дома» (1984), «Дзяльба кабанчыка» (выбранае, 1988), «Глядзіце ў вочы лемуру» (аповесць-эсэ, 1989), «Проста ўспомніў я цябе...» (публіцыстычная проза, эсэ, 1989), раманаў «Пушча» (1979, экранізаваны ў 1988), «Бежанцы» (часопіс «Полымя», 1990).

     Аўтар сцэнарыяў мастацкага тэлевізійнага  фільма «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрага дакументальных кінастужак.

     Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К.Каліноўскага (1990) за кнігу публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...».

Асноўнай тэмай  у творчасці Віктара Карамазава з’яўляецца прырода, псіхалагічныя і сацыяльныя ўзаемаадносіны чалавека з навакольным асяродзем. Раман “Пушча” (1978) — пра веліч і прыгажосць ляснога царства. Ён прасякнуты гуманістычным пафасам, думкамі аб сэнсе чалавечага жыцця, верай у добрыя справы добрых людзей. Героі твора — Міхаіл Пятровіч Валошка, Макар Курнопа, Андрэй Старапольны, дзед Гарох — зрадніліся з лесам, без яго не ўяўляюць свайго існавання. Адчуваючы грозны наступ цывілізацыі на прыроду, героі твора выступаюць супраць высячэння лясоў, знішчэння флоры і фауны, спрабуюць дапамагчы пушчы абараніцца ад практычна–бяздушных людзей тыпу дырэктара лясгаса Зімаўца, лесніка Рысева. Асабліва ўражвае сцэна, калі ляснік у зімовую сцюжу выводзіць ласіную сям’ю з месца, дзе павінна было адбыцца паляванне. Выратаванне звяроў — гэта і выратаванне надзеі на тое, што пушчу не чакае трагічны лёс. Аповесць Карамазава “Краем Белага Шляху” прысвечана чарнобыльскай тэме. Галоўны герой твора Васіль Валетаў, абыходзячы забруджаныя радыяцыяй месцы, бачыці, як пусцеюць навакольныя вёскі, паміраюць людзі. Шкадуючы вяскоўцаў, ён спрабуе іх суцешыць, абнадзеіць. Але людзям патрэбна праўда, няхай горкая і суровая. Хлусня, нават самая пышнаслоўная, прыносіць толькі шкоду. Валетаў, адчуваючы кроўную сювязь з роднай зямлёй, змагаецца (у межах сваіх сіл і здольнасцей) за яе выратаванне, за яе будучыню. 
 
 
 

Уладзімір Арлоў 

Уладзімір Арлоў, аўтар кніг “Еўфрасіння Полацкая”(1992) і “Рандэву на манеўрах”(1992), гістарычнага эсэ “У пошуках украдзенага скарбу”(1993), засведчыў сваю адданасць ісціне пра мінулае беларусаў яшчэ на пачатку 80-х гг., калі ў мясцовым і тагачасным саюзным друку публікаваў артыкулы, у якіх рэзка крытычна адгукаўся на 5-томную акадэмічную “Гісторыю БССР” і аднаіменны школьны падручнік, называючы прама асноўную іх загану -- свядомую фальсіфікацію мінулага ваўгоду афіцыйнай гісторыяграфіі. У заснаванай на дакументальных фактах гісторыі першага вядомага Еўропе беларускага горада Полацка, сталіцы Полацкага княства, у якім жыла ў той час патранеса і заступніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая, У. Арлоў выступае як майстар празаічнага слова, а ў апавяданнях і аповесцях -- як строгі вучоны-прафісіянал, які ведае цану першакрыніцам і ўмее іх разглядваць на шырокім фоне мінулага і сучаснасці. Гісторыю ён любіць саму па сабе, у яе першавытворнасці, пазбягаючы мадэрнізацыі, калі даўняу ўсяго толькі ілюструе счасныя думкі аўтара. Сёняшнія нашы клопаты прысутнічаюць у поглядзе пісьменніка на даўнейшыя падзеі. У апавяданні “Каля дзікага поля”, дзе ўзнаўляюцца апошнія хвіліны жыцця безыменнага аўтара слыннага “Слова аб палку Ігаравым”, адчуваецца, напрыклад , цяперашняя павышаная цікаўнасць да нашай гісторыі, імкненне пераасэнсаваць многія яе старонкі ў сучасным інфармацыйным полі. Як вядома, існуе некалькі версій аб аўтарстве гэтага твора. Казахскі пісьменнік Алжас Сулейманаў адшукаў у тэксце “Слова” аргументы, якія сведчаць на карысць якраз казахскага паходжання аўтара : асобныя словы і паняцці, на яго думку, мог ведаць толькі усходні чалавек, жыхар степаў. У. Арлоў, таксама грунтуючыся на тэксце слыннага помніка, знаходзіць доказы “полацкай версіі” : сімпатыі невядомага аўтара, геніяльнага старажытнага песняра да Усяслава Чарадзея, які “збіраў крывічаў пад сваё крыло, у адну дзяржаву”, відавочныя, а невялікая рачулка Ула, якую ён прыгадвае, знаходзцца “за пяць попрышчаў ад Дзвіны”. Магчыма, менавіта на гэтай рачулцы і знаходзілася родавая вотчына аўтара “Слова”. Што да службы яго ў ноўгарад-северскага князя Ігара, подзьвігі якога ён уславіў, то і на гэта ёсць тлумачэнне : “выпалі Чарадзеевы ўнукі з дзедавай славы”, сталі “каваць крамолы на брацію сваю”, і пясняр, які гаварыў ім у вочы праўду, стаў ім непатрэбным . Менавіта ва ўнікальным культурным асяроддзі, якое так старанна стварала ў свой час Еўфрасіння, пра што У. Арлоў апавядае ў прысвечаным яе дзейнасці эсэ, і мог з’явіцца такі высокаадукаваны і адухоўлены талентам ад Бога чалавек, як аўтар “Слова”. Старонку за старонкай перагортвае У. Арлоў у сваіх творах кнігу народнай славы. Увагу яго спыняюць некаторыя найбольш яскравыя эпізоды і каларытныя постаці. Дакументальнасць яго прозы не падлягае сумненню. А там, дзе канчаецца гістарычны дакумент, рэальны факт, пачынаецца вялікая поле аўтарскай фантазіі. Аднак ў адрозненне ад бурнага ўяўлення яго слыннага папярэдніка У. Караткевіча, які свядома рамантызаваў мінулае, прывабліваючы на свой бок новых і новых прыхільнікаў, У. Арлоў стрымлівае сваю фантазю ў межах жыццёва верагоднага : навае пакаленне адукаваных чытачоў ужо вымагала дакладнасці і фактычнай праўдзівасці. Прынамсі, гэтым тлумачыцца яго імкненне перадаць слова сваім героям, удзельнікам далёкіх падзей. Пра падзеі падчас вайны Івана Жахлівага з Літвой і захоп маскоўцамі Полацка, які быў бязлітасна зруйнаваны, а яго жыхары люта знішчаны, напрыклад, апавядае ў лісце да сваіх родных стралец Аляксей, чалавек, як можна зразумець, з чулым сэрцам і светлай галавой, па-свойму праніклівы і мудры ( апавяданне “Пішу вам у Масковію” ). А пра князя Гераніма Радзівіла, падчашага ВКЛ, які хацеў застацца ў памяці людской не як душыцель сялянскага паўстання Вашчылы, а як мудры і справядлівы валадар Крычаўскага магістрата і дзеля гэтага прымушаў мясцовага летапісца Карпача фальсіфікаваць гісторыю, апавядае сам Карпач. Просты летапісец выбірае пакутлівую смерць на кале, але не згаджаецца на тое, каб абылгаць сваіх пабрацімаў, адабраць у іх, жывых і мёртвых, не толькі славу, але і гонар (“Міласць князя Гераніма”). У лістах з турмы, адрасаваных сыну Ежы, вядомы беларускі літаратар Аляксандр Незабытоўскі апавядае пра свой удзел у паўстанні супраць царскага самаўладдзя і пра сваё разуменне падзей (“Пакуль не згасла свечка”). Ужывае празаік і такі прыём, калі пра гістарычныя падзеі апавядае чалавек з варожымі да беларускай ідэі адносінамі, як гэта мы бачым у апавяданні “Рандэву на манеўрах”.Героі гістарычных твораў У. Арлова -- людзі незвычайныя. Слабыя фізічна, яны затое моцныя духам. Пераможаныя суседзямі, яны не адчу-ваюць сябе знішчанымі, бо ведаюць : апошняе слова ўрэшце будзе за імі, а калі ўжо не будзе іх саміх, то за іх дзецьмі. Менавіта ў гэтым трэба бачыць сэнс эпіграфа да апавядання “ Пяць мужчын у леснічоўцы” : “Gloria victis” (“Слава пераможным” ). Пяцёра беларусаў-інсургентаў, што засталіся пасля паражэння паўстання 1863 г., не лічаць сваю справу безнадзейнай. Так лічыць кіраўнік паўстанцкага атрада Тапор, адзін з паплечнікаў К. Каліноўскага, вядомы у гісторыі вызваленчага руху пад імем Людовіка Звяждоўскага. Так лічыць і беларускі філосаф Лышчын-скі, спалены за сваю ерась на кастры паводле загаду папскага нуцыя (“Місія папскага нуцыя”). Чалавека фізічна можна знішчыць, але пера-магчы ідэю нельга, бо ідэя неўміручая. У выніку варожых інтрыг тэўтонцаў гіне апошні полацкі князь Уладзімір, а з ім разам знікае ў хвалях часу дынастыя Рагвалодаў (“Дзень, калі ўпала страла”). Аднак збыліся не толькі горшыя прадба-чанні князя, але і лепшыя : праз два гады посля яго смерці полацкія ратнікі сталі плячо да пляча з наўгародцамі і пскавічамі на Чудскім возеры, дзе адбылося Лядовае пабоішча і крыжакі пацярпелі сакрушаль-ны разгром, што на некалькі стагодзеў адвучыла іх ад паходаў на Усход.У.Арлоў, як і іншыя нашы аўтары гістарычных твораў, шмкнецца знайсці адказ на пытанне, якое ў свой час вельмі захапляла Ф.Дастаеў-скага : у чым прычына таго, што беларусы, як нацыя, здольныя былі выжыць ва ўмовах жорсткага націску з боку агрэсіўных суседзяў на працягу стагоддзяў? Мабыць, было нешта такое ў іх нацыянальным характары, што дазваляла народу не толькі жыць, схіліўшы голаў перад рознага роду акупантамі, паланізатарамі і русіфікатарамі, але і зберагаць сваю жывую душу, не аддаваць яе на глум і здзек. У самым агульным выглядзе гэты погляд на беларуса выяўляецца ў славутай “Пагоні”. Грозны ваяка, які ўзняў свой меч і ўздыбіў каня, абараняе сваю нацыянальную незалежнасць і чалавечую годнасць ад любых замахаў. 
 
 
 
 
 
 

Информация о работе Биографии беларусских писателей